27 лiстапада 2024, Серада, 12:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стынг выступіў супраць смяротнага пакарання ў Беларусі (Відэа)

8

Вядомы ва ўсім свеце музыка падтрымаў высілкі праваабаронцаў у барацьбе за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

Стынг, які выступіў з канцэртам у Менску падчас сусветнага турнэ Symphonicity, сустрэўся з праваабаронцамі, каб падпісаць петыцыю за адмену смяротнага пакарання ў межах апошняга этапу кампаніі, якая праводзіцца Беларускім Хельсінкскім Камітэтам, праваабарончым цэнтрам «Вясна» і арганізацыяй «Міжнародная Амністыя». «Прыйшоў час змяніць гэта», - сказаў Стынг ў сваім відэазвароце, які падае ПЦ «Вясна».

- Прывітанне, мяне завуць Стынг і я супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках - таму што я веру ў чалавечую годнасць. У Еўропе, толькі адна краіна прымяняе смяротнае пакаранне, і гэтая краіна - Беларусь. Прыйшоў час змяніць гэта. Няхай ваш голас будзе пачуты - падпішы петыцыю за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі, і давайце пакладзем канец гэтай жорсткасці - раз і назаўсёды.

Беларусь - апошняя ў Еўропе краіна, у якой усё яшчэ ўжываецца смяротнае пакаранне. Андрэй Жук і Васіль Юзэпчук былі пакараныя ў сакавіку гэтага года. Яшчэ двое беларускіх грамадзянаў былі прысуджаныя да смяротнага пакарання ў траўні, іх хадайніцтвы аб абскарджанні прысудаў былі адхіленыя ў верасні.

Яшчэ адзін смяротны прысуд быў вынесены ў верасні. Прысуджаныя да смяротнага пакарання атрымліваюць кулю ў патыліцу. Цела не перадаецца сваякам, яны толькі атрымліваюць паведамленне пра тое, што прысуд прыведзены ў выкананне. Ім таксама не паведамляюць пра месца пахавання пакаранага, што толькі ўзмацняе іх пакуты.

Акрамя Стынга, гэтую петыцыю падпісалі вядомыя беларусы: пісьменнікі Святлана Алексіевіч і Уладзімір Арлоў, музыкі Лявон Вольскі (NRM) і Уладзімір Пугач (J: Mors). Гэты крок дапаможа прыцягнуць увагу людзей ва ўсім свеце да смяротнага пакарання як да праблемы, якая не ведае нацыянальных межаў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках