24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь і Расея на парозе нафтавай вайны

29

Расея штогод губляе $2 мільярды, пастаўляючы Беларусі 6,3 мільёна тонаў нафты на льготных умовах.

Масква і Менск праводзяць перамовы па двух ключавых пытаннях. Першае звязана з умовамі паставак у краіну нафты, вынікі перамоваў па другім пытанні будуць уплываць на кошт газу для Беларусі. Аднак ёсць падставы меркаваць, што ні па адным пытанні бакі да кансенсусу не прыйдуць, што можа прывесці да абвастрэння крызісу ў адносінах паміж дзвюма краінамі, пішуць «Беларускія навіны».

Нафты як мага больш

Першыя перамовы, якія вядзе сёння Беларусь, звязаныя з аб'ёмам бяспошліннай нафты, якую атрымлівае краіна ад Расеі. Як патлумачыла крыніца, блізкая да расейскага ўрада, паводле вынікаў перамоваў будзе вызначаны той аб'ём нафты, які атрымае Беларусь на бяспошліннай аснове ў 2011 годзе.

«Патрэба ўнутранага рынку Беларусі на 2010 год была сфарміраваная з разліку 8 млн. тонаў нафты», - нагадаў ён. Гэты аб'ём ўключае 6,3 млн. тонаў нафты, якія Расея пастаўляе ў Беларусь без спагнання пошлін, і 1,7 млн. тонаў нафты, якую здабывае наша краіна на сваёй тэрыторыі.

Аднак Беларусь жадае перагледзець аб'ём бяспошліннай нафты ў бок павелічэння. Сваю прапанову Менск матывуе той акалічнасцю, што патрэба Беларусі ў нафтапрадуктах узрасла. Адпаведна, павінен быць павялічаны і аб'ём паставак расейскай бяспошліннай нафты.

У пратаколе аб умовах паставак нафты, які ў пачатку 2010-га падпісалі прэм'ер-міністры Беларусі і Расеі, гаворыцца пра тое, што аб'ём бяспошліннай нафты на 2011 год павінен быць узгоднены да 1 кастрычніка бягучага года. Пры гэтым у дакуменце ўказваецца, што пры «недасягненні кампетэнтнымі органамі» дамоўленасці па гэтым пытанні аб'ём бяспошліннай нафты для Беларусі захаваецца на ўзроўні «папярэдняга каляндарнага года».

Такім чынам, аб'ём бяспошліннай нафты для Беларусі на 2011 год у любым выпадку будзе не ніжэй за 6,3 млн. тонаў. Іншая справа, што Менску гэты аб'ём, здаецца, замалым, а Масква не надта зацікаўленая яго павялічваць. Міністр энергетыкі Расеі Сяргей Шматко на адной з сустрэч з журналістамі заявіў, што Расея губляе 2 млрд. даляраў, пастаўляючы Беларусі 6,3 млн. тонаў нафты на льготных умовах.

Кошты як мага ніжэй

Другое пытанне, якое абмяркоўваецца сёння паміж Масквой і Менскам, таксама тычыцца энергетычных пытанняў. Абмяркоўваюцца яны ў рамках стварэння Адзінай эканамічнай прасторы. Беларусь настойвае на тым, каб у рамках АЭП быў сфармаваны агульны энергетычны рынак. Сэнс беларускай прапановы заключаецца ў выраўноўванні коштаў на энергарэсурсы для краін АЭП - да ўзроўню сусветных.

Сёння цэны на энерганосьбіты ў краінах Мытнага саюза, на базе якога і плануецца стварыць АЭП, істотна адрозніваюцца. Калі аптовая цана на газ для Смаленскай вобласці складае каля 85 даляраў за тысячу кубаметраў, то наша краіна за аналагічны аб'ём газу плаціць сёння 194 даляры.

Аднак Расея не хоча мяняць гэтую сітуацыю і ісці на выраўноўванне коштаў на энергарэсурсы ў рамках АЭП. У выпадку згоды Маскве прыйшлося б істотна падвысіць цэны на энэргарэсурсы на ўнутраным рынку, ці ж істотна іх панізіць для Беларусі. Ні першы, ні другі сцэнар расейскае кіраўніцтва не задавальняе. Таму невыпадкова першы віцэ-прэм'ер Расеі Ігар Шувалаў назваў на мінулым тыдні энергетычныя пагадненні па АЭП «самым складаным блокам» пытанняў, які трэба ўзгадніць.

Крызіс усё бліжэй?

Газавае пытанне ў адносінах паміж Масквой і Менскам можа не толькі пагражаць стварэнню АЭП, але і абвастрыць адносіны паміж дзвюма краінамі ўжо ў канцы гэтага года.

Згодна з кантрактам з «Газпромам», чацвёрты квартал гэтага года - апошнія тры месяцы, калі Беларусь атрымлівае расейскі газ па льготным тарыфе (з улікам 10-адсоткавай зніжкі да сярэднееўрапейскай цаны на газ).

З 1 студзеня 2011-га Беларусь павінна будзе аплачваць газ па сярэднееўрапейскім кошце (за вылікам экспартнай пошліны і транспартных выдаткаў) і гэтая перспектыва наўрад ці можа радаваць Менск.

Прызначэнне прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі на снежань сведчыць пра тое, што беларускія ўлады не выключаюць абвастрэння газавых адносінаў з Расеяй у канцы гэтага года. Для такога канфлікту ёсць падставы.

Масква, з аднаго боку, настойвае на выкананні Беларуссю кантрактных абавязальніцтваў і мае намер павялічыць з 1 студзеня 2011 года цану на газ для нашай краіны. З іншага боку, Беларусь патрабуе ад Расеі сінхроннага пераходу на роўнапрыбыткавыя кошты на газ і ўвязвае выкананне гэтай умовы з выкананнем кантракту. Рознагалоссі паміж Масквой і Менскам як раз і ствараюць перадумовы для газавага крызісу ў канцы гэтага года.

Абвастрэнне адносінаў магчымае і на нафтавым полі. Цяперашнія ўмовы паставак нафты хоць і з'яўляюцца, на думку расейскіх уладаў, ільготнымі для Беларусі, але вельмі не задавальняюць беларускае кіраўніцтва.

З-за ўвядзення пошлін на нафту і нафтапрадукты Беларусь вымушана была скараціць імпарт і таго і іншага. У студзені-жніўні гэтага года Беларусь імпартавала ўсяго 8,36 млн. тонаў расейскай нафты, тады як за аналагічны перыяд мінулага года - 14,5 млн. тонаў. Імпарт нафтапрадуктаў Беларусь у гэтым годзе скараціла ў параўнанні з мінулым амаль у тры разы.

Паводле дадзеных «Беларускіх навінаў», Беларусь мае намер увязваць працэс стварэння АЭП са скасаваннем усялякіх нафтавых пошлін. У той жа час з Масквы пакуль не паступала сігналаў, што расейскае кіраўніцтва гатовае на гэта пайсці. Больш за тое, Расея ў верасні гэтага года фактычна выйграла судовую спрэчку, у якой разглядалася яе права спаганяць гэтыя пошліны.

Такім чынам, рознагалоссі па энергетычных пытаннях паміж Масквой і Менскам захоўваюцца. І з'яўляюцца, мяркуючы па ўсім, адной з прычынаў супярэчнасцяў на палітычным узроўні - пасяджэнне саюзнага Саўміна планавалася правесці ў верасні, але парадак дня пакуль так і не ўдалося ўзгадніць.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках