24 снежня 2024, aўторак, 19:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыктатар cфальсіфікаваў уласную біяграфію (Відэа, фота)

140

Беларускія тэлеканалы паведамілі, што Лукашэнка нарадзіўся 31 жніўня - на дзень пазней.

Людзі, якія цікавяцца палітыкай, звыкліся з тым, што выказванні беларускага кіраўніка часта супярэчаць адно аднаму. З гэтай нагоды ў народзе нават склаўся анекдот, маўляў, Лукашэнка чалавек слова: сам слова даў, сам яго і забраў. І калі да абвінавачванняў у адрас прэзідэнта пра падтасоўку вынікаў выбараў усе даўно прызвычаіліся, то махінацыі з уласнай датай нараджэння выглядаюць ужо зусім недарэчна, паведамляе UDF.BY.

Ледзь не кожны беларус ведае, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка нарадзіўся 30 жніўня 1954 года ў пасёлку Копысь. Гэтая дата значылася і ў выбарчых бюлетэнях на прэзідэнцкіх выбарах, і ў школьных падручніках. Такая ж інфармацыя ўтрымлівалася і ў афіцыйнай біяграфіі Лукашэнкі, размешчанай на яго інтэрнэт-партале.

Упершыню дату свайго нараджэння Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў «падмяніць» падчас інтэрв'ю рэдактару расейскай газэты «Завтра» Аляксандру Проханаву ў чэрвені мінулага года.

- Вы ж разумееце, што я таксама чалавек, у мяне ёсць дзеці, асабліва малодшы Ніколенька, якога я вельмі люблю. Яму сёння пяць гадоў, а мне ўжо пяцьдзесят пяць. Нарадзіліся мы з ім у адзін дзень, 31 жніўня, - заявіў беларускі кіраўнік.

Тады многія не надалі асаблівага значэння гэтым словам, палічыўшы іх простай агаворкай. Якое ж было здзіўленне, калі ў выпуску праграмы «Нашы навіны» на канале АНТ за 31 жніўня дыктар паведаміла пра тое, што ў Аляксандра Лукашэнкі і яго малодшага сына «сёння Дзень нараджэння».

Не паверыўшы уласным вушам, журналісты звярнуліся да афіцыйнай крыніцы - усё таго ж інтэрнэт-парталу кіраўніка Беларусі. І цяпер ужо прыйшлося не верыць уласным вачам: у біяграфіі паказана, што «нарадзіўся А. Р. Лукашэнка 31 жніўня 1954 года ў гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці».

А вось фрагмент афіцыйнай біяграфіі Лукашэнкі ад 2006 года.

Не паспела падладзіцца пад новую біяграфію кіраўніка нават праўладнае інфармацыйнае агенцтва. Датай нараджэння Лукашэнкі на сайце БелТА значыцца усё тое ж 30 жніўня.

Такога «падвоху» ад беларускага кіраўніка не чакалі сябры і добрыя знаёмыя: віншавальныя тэлеграмы Аляксандру Рыгоравічу 30 жніўня накіравалі, напрыклад, Патрыярх Кірыл, Генадзь Зюганаў і іншыя.

Так і засталося незразумелым: адбылася гэтая метамарфоза ад вялікай любові да малодшага сына («хваста», як называе яго Лукашэнка) або з прычыны руплівасці кіраўніка. Усё ж такі адзначыць два Дні нараджэння адным захадам куды больш эканомна.

Напісаць каментар 140

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках