Ярмошына: У любым выпадку выбары пачнуцца ўвосень
43- 26.08.2010, 14:06
Да гэтага часу невядома, ці прызначаць дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» дату прэзідэнцкіх выбараў на пазачарговай сесіі 7 верасня.
Пра гэта заявіла «Еўрарадыё» старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
«Шчыра вам скажу, што ніякай дадатковай інфармацыі на гэты конт у нас не з'явілася. Мы не маем ніякіх прапаноў, з намі «палатай прадстаўнікоў» не ўзгадняліся ніякія праекты пастановаў з нагоды прызначэння выбараў. Прынамсі, наконт таго, што гэтае пытанне ўключанае ў парадак дня пазачарговай сесіі, пакуль такой інфармацыі няма. Але ўнесці у парадак дня гэтае пытанне можна і напярэдадні. Таму сказаць канкрэтныя «так» ці «не» па гэтым пытанні я не магу», - сказала кіраўнік ЦВК.
Паводле словаў старшыні, у Цэнтрвыбаркаме ніхто не хвалюецца з-за такой невядомасці з датай выбараў. Маўляў, праекты амаль усіх неабходных дакументаў, акрамя «Палажэння аб асабістых фінансавых фондах», гатовыя. Грошы на выбары ёсць, неабходным штатам часовых супрацоўнікаў забяспечыць «палата прадстаўнікоў».
«Вялікі прафесійны вопыт і доўгае знаходжанне на гэтай пасадзе мяне прывучыла да ўсяго ставіцца па-філасофску. Тым больш, што нам вядомы прыблізны перыяд: у любым выпадку выбары пачнуцца восенню. Розніца толькі ў тым, ранняя гэта будзе восень ці позняя», - сказала Ярмошына.
І як толькі дата будзе прызначаная, кажа Ярмошына, на працягу двух дзён пасля гэтага Цэнтрвыбаркам будзе здольны прыступіць да працы па выбарах.