24 лiстапада 2024, Нядзеля, 11:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На гарызонце новая вайна?

10

Паміж Расеяй і Беларуссю ў хуткім часе можа разгарэцца новая нафтавая вайна.

Расейскі бок не хоча, каб Беларусь выняла выгаду з бяспошліннага імпарту расейскай нафты нават пасля стварэння адзінай эканамічнай прасторы ў 2012 годзе. Прынамсі, Мінэканамразвіцця ў сваім дакладзе, які апынуўся ў распараджэнні «Маркера», лічыць мэтазгодным накіроўваць пошліны ад экспарту нафтапрадуктаў, якія вырабляюцца на беларускіх НПЗ з расейскай нафты, у расейскі бюджэт.

Прапорцыю, у якой гэтыя сродкі будуць размяркоўвацца паміж бюджэтамі двух краін, яшчэ трэба вызначыць, але ў міністэрстве ўзгадваюць пра такое пагадненне ад 1995 года, па якім 85% экспартнай пошліны адыходзілі Расеі. Тады беларусы адмовіліся плаціць у аднабаковым парадку, цяпер кошт пытання значна вышэйшы - і не варта разлічваць на тое, што Аляксандр Лукашэнка пойдзе на повадзе ў расейскага ўраду.

Расея даўно прэтэндуе на долю ад беларускіх нафтапрадуктаў

У першай палове 1990-х гадоў уся расейская нафта пастаўлялася ў Беларусь бяспошлінна, і расейскі бюджэт нёс страты. Але ў 1995 годзе было заключана двухбаковае пагадненне. Яно прадугледжвала залічэнне 85% сумы вывазных пошлін, якую беларускі бюджэт атрымлівае ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых на беларускіх НПЗ з бяспошліннай расейскай нафты, у расейскі бюджэт.

У 1995 годзе Расея атрымала ў выглядзе кампенсацый $6,8 млн, у 1996 годзе - $1,7 млн, а ў перыяд з 1997 па 2001 гады грашовы струмень вычарпаўся цалкам. У 2001 годзе беларускі бок дэнансаваў пагадненне ў аднабаковым парадку. Зноў гэтае пытанне Масква падняла толькі ў 2006 годзе, калі нафта стала імкліва даражэць, таму дзеючая схема прыводзіла да значных стратаў расейскага бюджэту. А ў 2007 годзе, пасля нафтавай вайны паміж дзвюма краінамі, было падпісана трохгадовае пагадненне аб супрацоўніцтве ў нафтавай сферы. Да стоадсоткавай экспартнай пошліны на нафту з Расеі ў Беларусь быў уведзены паніжаючы каэфіцыент, у 2009 годзе ён склаў 0,356. Такім чынам, Расея фактычна брала сваю долю беларускай экспартнай пошліны на нафтапрадукты на мяжы Расеі і Беларусі ў выглядзе пошліны на экспарт нафты.

З-за чаго зноў пасварацца «саюзнікі»

Але ў 2010 годзе дзеянне дамовы скончылася - і Расея пагадзілася пастаўляць у Беларусь бяспошлінна толькі 6,3 млн т нафты з 21,5 т зыходзячы з разлікаў унутранага спажывання Беларусі. Увесь астатні аб'ём плануецца паставіць у Беларусь са стоадсоткавай пошлінай. З-за гэтага пад пагрозай было стварэнне Мытнага саюза: пагадненні па арганізацыі былі падпісаныя беларускім бокам толькі пры ўмове, што пошліны на нафту ўсё ж такі будуць скасаваныя пасля стварэння адзінай эканамічнай прасторы ў 2012 годзе.

Расея з пазіцыяй Лукашэнкі пагадзілася. Як гаворыцца ў дакладзе Мінэканамразвіцця, «бакі ва ўзаемным гандлі не ўжываюць вывазныя мытныя пошліны з таго моманту, як будуць атрыманыя ўсе дакументы, якія будуць сведчыць пра тое, што Беларусь выканала ўсе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, якія дазволяць ёй стаць часткай адзінай эканамічнай прасторы».

Аднак атрымаць поўную выгаду ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых на беларускіх НПЗ з расейскай нафты, усё роўна немагчыма. Мінэканамразвіцця прапануе заключыць з Беларуссю новае пагадненне, аналагічнае таму, што было падпісана ў 1995 годзе. Ведамства прапануе ўраду даручыць Мінэнерга і іншым зацікаўленым ведамствам падрыхтаваць прапановы аб парадку залічэння пошлін ад продажу беларускіх нафтапрадуктаў у бюджэты абедзвюх краін.

Не выключана, што такая прапанова расейскага боку прывядзе да новага канфлікту паміж Расеяй і Беларуссю. Гаворка зараз ідзе не пра мільёны даляраў, як у сярэдзіне 1990-х, а пра мільярды. Таму беларускі бок быў і застаецца рэзка супраць увядзення падобных абмежаванняў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках