Цягнікі раскідалі статак кароў, пакуль пастухі пілі
46- 20.08.2010, 15:52
Каля 50 кароў загінулі пад коламі двух пасажырскіх цягнікоў, якія рухаліся ў сустрэчных накірунках.
НЗ адбылося ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці, паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у пятніцу прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Марына Фандо.
«Два пасажырскія цягнікі Гародня-Масква і Масква-Варшава, якія рухаліся ў сустрэчным кірунку, сутыкнуліся ў Дубровенскім раёне са статкам кароў. На шляхах пасвіліся больш за 230 жывёлаў. Каля 50 з іх загінулі пад коламі цягнікоў», - паведаміла Фандо.
«Пацярпелых сярод пасажыраў і персаналу цягнікоў не было. Загінулых кароў прыбіралі аўтапагрузчыкі», - удакладніла суразмоўніца агенцтва.
Акалічнасці здарэння высвятляюцца супрацоўнікамі Аршанскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце. Двое пастухоў знаходзіліся ў нецвярозым стане, яны дастаўленыя ў медыцынскую ўстанову для агляду.
Як паведаміў агенцтву прэс-сакратар упраўлення ўнутраных спраў на транспарце МУС Беларусі Аляксандр Марчанка, з-за дадзенага ДТЗ быў спынены рух 5 цягнікоў: Масква-Варшава - на 40 хвілін, Масква - Берасце - на 1 гадзіну 28 хвілін, Масква - Гомель - на 1 гадзіну 14 хвілін, Масква - Менск - на 21 хвіліну, Гародня-Масква - на 3 гадзіны 49 хвілін.
Марчанка адзначыў, што за мінулыя суткі гэта не адзіны выпадак, калі ў Беларусі на чыгуначных шляхах транспартам, які рухаўся, былі збітыя жывёлы.
«На 147 кіламетры станцыі Ельск (Гомельская вобласць) дызель-цягніком Калінкавічы - Славечна быў збіты дзік. У цеплавозе пашкоджаная паліўная магістраль. Затрымка ў руху цягніка склала 35 хвілін», - удакладніў суразмоўца агенцтва.