23 лiстапада 2024, Субота, 12:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Советская Белоруссия»: Няўжо Расея хоча замяніць Лукашэнку?

126

Газета адміністрацыі Лукашэнкі заяўляе, што выкрывальны фільм на НТВ «зрэжысаваны» расейскімі палітыкамі.

Сёння «Советская Белоруссия» апублікавала артыкул спікера «савета рэспублікі», былога намесніка кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнка Анатоля Рубінава.

Чыноўнік заяўляе, што «Расея стала сістэматычна праводзіць меры, накіраваныя на падрыў нашай эканомікі». Рубінаў ставіць сабе пытанне: «Навошта Расея ўсяляк выціскае Беларусь са свайго рынку, прымушаючы нашых прамыслоўцаў ездзіць па свеце ў пошуках альтэрнатыўных партнёраў? Навошта расейскае кіраўніцтва адштурхоўвае ад сябе Беларусь, робячы ўсё для таго, каб нагрувасціць як мага больш перашкодаў на шляху развіцця «саюзнай дзяржавы»? Яна што, хоча павярнуць Беларусь на Захад? Наўрад ці — гэта не ў яе інтарэсах. Ці яна хоча замяніць прэзідэнта Лукашэнку на каго–небудзь больш згаворлівага і згодлівага?».

Адказваючы на гэтае пытанне, чыноўнік робіць гучную заяву: «Расейскі ціск на нашую эканоміку і на нашага лідэра заўсёды будзе разглядацца як варожыя акцыі ў дачыненні да ўсяго беларускага народа».

Рубінаў піша, што цяперашнія кіраўнікі Расеі Уладзімір Пуцін і Дзмітры Мядзведзеў прыйшлі ва ўладу не самастойна, а былі «прыведзеныя за ручку»:

«Ні У.У.Пуцін, ні Дз.А.Мядзведзеў не былі заўважаныя як удзельнікі перабудоўчага перыяду, калі была зробленая спроба сфармаваць новыя, больш дэмакратычныя формы кіравання краінай. Яскравыя, актыўныя палітычныя дзеячы таго часу, прыхільнікі дэмакратычнага шляху развіцця былі выцесненыя з палітычнай арэны зусім іншымі асобамі. Пуціна ў крэсла Прэзідэнта «за ручку» прывёў Ельцын, Мядзведзева дакладна гэтак жа «за ручку» прывёў Пуцін. Ніхто з іх не прыйшоў да ўлады ў выніку папярэдняй палітычнай дзейнасці, не заваяваў свой аўтарытэт у адкрытай барацьбе з канкурэнтамі. Але, як водзіцца ў Расеі, як толькі хтосьці сядае ў кіраўнічае крэсла, адразу ж на поўную магутнасць уключаецца адміністрацыйны рэсурс. І чалавек, якога раней ніхто не бачыў і не чуў, хутка становіцца «правадыром нацыі». Трэба прызнаць, што супрацоўнікі КДБ усяму гэтаму былі добра навучаныя яшчэ з савецкіх часоў. Ды і савецкія метады кіравання народам, такія як стварэнне ўсемагутнай кіруючай партыі, яшчэ не выветрыліся з галоваў і сёння, як і ў ранейшыя часы, з поспехам запушчаныя ў справу».

На думку чыноўніка, Пуцін і Мядзведзеў нібыта асцерагаюцца, што Лукашэнка можа пазбавіць іх улады:

«Таму цалкам зразумела, што, калі Пуцін прыйшоў да ўлады, Лукашэнка, які валодаў велізарным аўтарытэтам і папулярнасцю ў расейскім асяроддзі, уяўляў для яго пэўную небяспеку. А да таго ж яшчэ і будаўніцтва «саюзнай дзяржавы», ініцыятарам якой таксама быў А.Р.Лукашэнка. Бо, крый Божа, калі гэтая агульная палітычная структура разаўецца і стане на ногі, Аляксандр Рыгоравіч, чаго добрага, можа выйсці на агульнасаюзную палітычную арэну, і тут ужо Пуціну з ім не ўправіцца. Чаго добрага, і расейскі народ захоча пайсці па такім жа шляху. А тады — бывай, улада... Гэтага нельга дапусціць ні ў якім выпадку, бо гэта пытанне жыцця і смерці для ўлады і грошаў заможных».

Як лічыць былы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, у сувязі з гэтым кіраўніцтва Расеі распрацавала спецыяльны «план».

«Трэба любымі шляхамі знізіць аўтарытэт, абняславіць беларускага лідэра, трэба дыскрэдытаваць беларускую мадэль развіцця, паказаць, што беларусы — гэта ўтрыманцы, што іх корміць і поіць Расея, а яны, няўдзячныя, яшчэ і капрызяць. Інструманты зразумелыя і цалкам эфектыўныя — нафта, газ, гандлёвыя бар'еры і, вядома, цалкам падкантрольныя кіраўніцтву СМІ. Адначасова ім трэба было ўсімі шляхамі затармазіць будаўніцтва «саюзнай дзяржавы», каб пазбавіць Беларусь статусу саюзніка і найбліжэйшага партнёра.

Бесперапынныя грубыя медыйныя атакі на прэзідэнта, на нашую краіну, якія сталі «фірмовым стылем» найбуйнейшых маскоўскіх СМІ, выклікаюць абурэнне. Гэта паклёп і абраза ўсяго беларускага народа, гэта недапушчальнае хамства, непрыкрыты імперскі ціск на суверэнную краіну. Такая ступень бесцырымоннасці і агрэсіўнасці кіруючых расейскіх палітыкаў, якія рэжысуюць гэтыя гнюсныя атакі, выклікае значна больш моцныя пачуцці, чым здзіўленне. Напрыклад, цалкам прагматычнае пытанне: а ці трэба нам наогул супрацоўнічаць з падобнага кшталту «каналамі», якія паставілі сабе за мэту цкаванне і знявагу беларусаў?.. Нядобра, калі дзеля дасягнення вельмі эфемерных палітычных мэтаў у ход пускаецца такая «зброя масавага паражэння», як адначасовая газава–тэлевізійная атака», - робіць выснову Рубінаў.

Нагадаем, што 4 ліпеня расейскі тэлеканал НТВ распавёў праўду пра палітычныя знікненні і забойствы апазіцыянераў у Беларусі.

У праграме «Надзвычайнае здарэнне» на тэлеканале НТВ быў паказаны фільм «Хросны бацька», у якім было расказана пра загадкавую смерць віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Беларусі Генадзя Карпенкі, выкраданні і забойствы былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнага Савета, былога кіраўніка Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара, журналіста Дзмітрыя Завадскага, бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага. У фільме прыводзяцца архіўныя інтэрв'ю з выкрадзенымі апазіцыянерамі і іх сваякамі, і наўпрост кажацца пра датычнасць беларускіх уладаў да знішчэння палітычных апанентаў.

Напісаць каментар 126

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках