27 лiстапада 2024, Серада, 11:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Участковы, які забіў дзяўчыну: «Мне ўсё можна, перастраляю ўсіх»

50

Навіна пра забойства 22-гадовай Ніны Карасёвай з вёскі Новыя Журавічы ўзрушыла ўсю краіну.

Дзяўчыну застрэліў не бандыт ці маньяк, а ўчастковы міліцыянт, дэпутат, бацька дваіх дзяцей. Падрабязнасці справы ад непасрэдных сведкаў высвятляў журналіст газеты «Звязда» Яўген Валошын.

Матэрыялы ў беларускай прэсе, якія выйшлі адразу пасля трагедыі, пакінулі шмат пытанняў. У народзе з'явіліся плёткі — «забіў з-за рэўнасці», «стрэліў выпадкова», «на курок націснула жонка міліцыянта» і гэтак далей. Што ж насамрэч здарылася ў мястэчку Доўск Рагачоўскага раёна страшнай купальскай ноччу? Чаму міліцыянт здзейсніў такі жорсткі ўчынак?

«Справу ўчастковага Клімянка» называюць «асабліва важнай», следствам займаецца Гомельская абласная пракуратура.

Збольшага краіна ведае пра сухія і малавытлумачальныя акалічнасці трагедыі. У аўторак, 6 ліпеня ўчастковы міліцыянт Рагачоўскага РАУС стрэліў у 22-гадовую дзяўчыну. Ад стрэлу ва ўпор ахвяра атрымала «ачаговую траўму галаўнога мозга, адкрыты пералом звода чэрапа». Было зроблена некалькі цяжкіх аперацыяў. У пятніцу 16 ліпеня дзяўчына памерла...

Журналіст сустрэўся з непасрэдным сведкам пагібельнага стрэлу (прозвішча чалавека не называцца ў мэтах яго бяспекі).

Падрабязнасці забойства Ніны Карасёвай абураюць цынізмам і бяспраўем, якое дазволіў сабе ўчастковы Мікалай Клімянок. Расповед сведкі кардынальна пярэчыць чуткам.

«Мне ўсё можна, перастраляю ўсіх»

— Размовы пра тое, што Ніна сустракалася з Клімянком — хлусня. Год таму ён паспрабаваў да яе заляцацца. Але Ніна адмаўлялася сустракацца з жанатым чалавекам, на гэтым размовы скончыліся. І вось яны сустрэліся ўпершыню ў гэтым годзе. Клімянок, участковы Курганскага сельсавета, прыехаў у Журавічы разам з палюбоўніцай, — распавядае сведка пра тое, як міліцыянер «нёс дзяжурства» на купальскую ноч. — У некаторых газетах напісалі, што ён абрываў Ніне тэлефон. Гэта няпраўда, ды і інфармацыю гэтую можна лёгка праверыць, зрабіўшы раздрукоўкі тэлефонных размоваў. Ніна сябравала з участковым Сяргеем К., які абслугоўваў тэрыторыю Журавіцкага сельсавета, дзе яна і жыла. Яны проста сябравалі, нічога больш. Яна вясёлая была, у кампаніі з ёй было цікава. У тую ноч яны дамовіліся сустрэцца, разам пагуляць у кампаніі. Міліцыянт і палюбоўніца Клімянка прыехалі ў Журавічы, да іх далучыліся яшчэ тры мясцовыя дзяўчыны, сярод якіх была Ніна. Разам пасядзелі на возеры, выпілі паўтары бутэлькі гарэлкі.

Гэта няшмат, чаму ж кажуць, што міліцыянты так «пагулялі», што ледзь стаялі на нагах?

— Міліцэйскі кіроўца, які ўсіх прывёз, быў зусім цвярозы, іншыя міліцыянты — больш-менш. А Коля быў ніякі. Ужо на возеры ён пачаў сварыцца з Нінай.

За што?

— Яна была дзяўчына вельмі добразычлівая, усіх абараняла, перад усімі старалася быць добрай. У Алега, з якім яна разам працавала, здарыліся праблемы. Якраз вырашалася, пакараюць яго ці не. Яна пачала за яго заступацца: «Навошта хлопцу жыццё калечыць?» Коля быў п'яны, пачаў крычаць: «Ды я яго ўвогуле засаджу, ён пачвара, такі-растакі». Потым кудысьці пабег, зачапіўся за пень, упаў. Пачаў крычаць, што рэбры паламаў. Згубіў кабуру ад пісталета. Мы яе знайшлі. А ён пачаў крычаць: «Мне ўсё можна, перастраляю ўсіх». Чулі, што казаў і такое: «Трэба пастраляць». Думалі, што напіўся чалавек, вярзе глупства, лухту, не звярнулі на гэта належнай увагі. Ды і Коля сціх...

Што здарылася пасля?

— Паехалі ў Доўск, ненадоўга — каб потым вярнуцца ў Журавічы на дзяжурства. Сядзелі ў машыне каля бара «Аляксандр». Размаўлялі на розныя тэмы, смяяліся. Адзін з нас пайшоў і ўзяў яшчэ гарэлкі, запівона.

Думалі вяртацца.

Клімянок патрабаваў машыну, хацеў з'ехаць дадому. Яму казалі: «Куды табе за руль у такім стане? Ды і як мы цябе да жонкі прывядзём, ты ж на рагах». Нарэшце ён сабраўся ісці дадому пехатой. І яму аддалі згублены на возеры службовы пісталет. Клімянок узяў зброю, нечакана наставіў на Ніну і стрэліў ва ўпор, проста ў галаву. Была нібы іскра, на капот машыны хлынула кроў.

...Як так? Проста наставіў пісталет і стрэліў?

— Так, і сказаў пры гэтым: «Цябе, с...а, даўно трэба было грохнуць». Можа быць, і ў іншых пачаў бы паліць, але пісталет адразу ж адабралі. Ён сядзеў на пярэднім сядзенні і маўчаў. Толькі праз нейкі час пачаў казаць: «Забіце мяне...»

«Перакос у яго здарыўся, калі загінуў брат»

У артыкулах, дзе пісалася пра здарэнне, журналісты давалі слова ананімным супрацоўнікам сельсаветаў. Тыя давалі Мікалаю Клімянку такую характарыстыку, што хоць да раны прыкладай: «спакойны», «сумленны», «адказны».

Журналіст, праехаўшыся па вёсках Рагачоўскага раёна, часта чуў пра былога ўчастковага іншыя характарыстыкі — злы, неўраўнаважаны.

— Яго нельга было дапускаць на працу ў міліцыі. Перакос у яго здарыўся яшчэ тады, калі загінуў брат, — выказалася адна з жыхарак Доўска, дзе жыў участковы-забойца. — Брат вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі, у Горках. Дык кажуць, што забілі, а падрабілі так, нібыта патануў.

Інфармацыю пра трагічную смерць брата нам пацвердзілі мясцовыя чыноўнікі.

Прыязджаю ў вёску Курганне, якую непасрэдна абслугоўваў Мікалай Клімянок. У будынку сельсавета дагэтуль вісіць аб'ява з тэлефонам былога ўчастковага: «Паважаныя грамадзяне, па ўсіх пытаннях, якія вы маеце і якія ўваходзяць у кампетэнцыю органаў унутраных справаў, Вы можаце звярнуцца да свайго ўчастковага інспектара міліцыі...»

— Мясцовыя жыхары кажуць пра яго рознае. Нехта: «Ён такі-сякі, так яму і трэба». Нехта ўвесь час пытаецца: «Што там з нашым участковым? Можа, дапамога трэба?» Некаторыя прапаноўваюць пісаць у яго абарону калектыўны ліст, — распавядае пра рэакцыю людзей старшыня Курганскага сельсавета Сяргей Мартыненка. — Я сам участковага ведаў дрэнна, толькі два месяцы на сваёй пасадзе знаходжуся. Разам дзяжурылі на выпускным у сярэдняй школе, у святкаванне не ўмешваліся, нейкай агрэсіі ў яго дзеяннях не заўважыў. Паводзіў сябе спакойна. Але гарэлка можа ператварыць чалавека ў што заўгодна.

У Новых Журавічах, дзе загінулая Ніна Карасёва працавала бухгалтаркай на сельскагаспадарчым прадпрыемстве, пра ракавую купальскую ноч узгадваюць у адзін голас — «Гуляла міліцыя! Больш чым па мільёну зарабляюць, а людзей ні ў што не ставяць».

Куды б мы ні заходзілі, дзе б мы ні распытвалі пра трагедыю (у мясцовай сталоўцы, у моладзі і ў калегаў) ніхто не сказаў пра Ніну Карасёву дрэннага слова.

— Ніна была камунікабельная дзяўчына, прыгажуня, умела пажартаваць. Мы яе прыцягвалі і на спартакіяду па валейболе ў жаночую каманду, — узгадвае Таццяна Драздова, старшыня Журавіцкага сельскага Савета. — Працаўніком яна была надзейным, часта заходзіла да мяне то факс прыняць, то дакумент размножыць. Даверылі ёй касу, нараканняў не было...

Ніну пахавалі ў вёсцы Драгунск, дзе жывуць яе бацькі. Паклалі ў труну ў белай сукенцы, твар быў закрыты, а наперадзе труны неслі прыгожы-прыгожы партрэт...

Журналіст піша, што калі стаяў ля магілы Ніны Карасёвай, жахнуўся. Гэтак жа за бяскрыўдны дыялог з неадэкватным супрацоўнікам міліцыі, за пошук справядлівасці альбо за трапны жарт мог загінуць любы чалавек — я, нехта з сяброў, блізкіх...

— Ён заслугоўвае смяротнага пакарання альбо сесці ў турму пажыццёва і кожны дзень прасіць Бога аб смерці, — плачуць у сям'і Карасёвых. — Гэта чалавек са скалечанай псіхікай: калі ён выйдзе на волю, наробіць яшчэ большых бедаў. Але ведаем, што ў яго добры адвакат, уплывовыя сваякі. Баімся, што ў выніку ён можа прабыць за кратамі нядоўга...

Афіцыйна

На наступны дзень пасля здарэння была заведзена крымінальная справа па артыкуле «Замах на забойства».

— Дзяўчына загінула, таму артыкул будзе перакваліфікаваны ў «Забойства». Здарыцца гэта, калі яму будуць прад'яўленыя абвінавачванні, — паведамляе Юрый Дзям'янчык, начальнік следчага аддзела па асабліва важных справах Гомельскай абласной пракуратуры. — Вядзецца следства.

Як стала вядома журналісту «Звязды», адразу пасля здарэння з рагачоўскага РАУС звольніўся ўчастковы Сяргей К., той самы таварыш Ніны Карасёвай і калега Мікалая Клімянка: «Пасля гэтага мне сорамна працаваць у міліцыі». Пасады пазбавіўся і супрацоўнік РАУС, які адказваў за прафесійную падрыхтоўку асабістага складу.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках