Беларусы аднавілі выяву сцяга, пад якім перамаглі пад Грунвальдам
27- 20.05.2010, 18:02
Цэнтрам кампазіцыі сцягоў вайсковых беларускіх адзінак заўсёды быў старажытны герб «Пагоня».
Мастак Мікола Купава і геральдыст Анатоль Цітоў аднавілі выяву сцяга, пад якім беларускія палкі перамаглі пад Грунвальдам.
Пра гэта паведаміў БелаПАН намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аргкамітэта па святкаванні 660-годдзя з дня нараджэння Вітаўта Вялікага і 600-годдзя Грунвальдскай (Дубровенскай) перамогі мастак і грамадскі дзеяч Мікола Купава.
Паводле яго словаў, пад такімі сцягамі беларускія палкі ваявалі пад Грунвальдам і дасягнулі славутай перамогі.
Як адзначыў Купава, цэнтрам кампазіцыі сцягоў вайсковых беларускіх адзінак заўсёды быў старажытны герб «Пагоня». Сцягі розных палкоў мелі нязначныя адрозненні ў дэталях ці афарбоўцы.
Класічны вайсковы сцяг з шоўку колеру кармін выкарыстоўваўся ў бітве пад Грунвальдам Ашмянскай, Віленскай і Лідскай харугвамі ВКЛ. На выяве «Пагоні» конь і вершнік — белага (срэбнага) колеры, крыж на шчыце вершніка — залаты, а збруя і шчыт рыцара — светла-блакітнага колеру з цёплым адценнем. Памер сцяга — 110х160 см.
У астатніх харугваў маюцца асаблівыя адрозненні. Так, на сцягу Мсціслаўскай харугвы гунька на кані аранжавая; на сцягу Аршанскага і Віцебскага палкоў — зялёная; на сцягах Берасцейскай, Ваўкавыскай, Слонімскай і Драгічынскай харугваў — вершнікі ў чорных даспехах; на сцягу Гарадзенскага палка — чорны конь і чорны вершнік; на сцягу Мазырскай харугвы — фон зялёны.
На адваротным баку сцягоў Берасцейскай і Віленскай харугваў — гарадскія гербы, атрыманыя ў канцы XIV стагоддзя па Магдэбургскім праве. Усе астатнія сцягі маюць з двух бакоў выяву «Пагоні».
Пад гэтымі рэканструяванымі сцягамі дэлегацыі з Беларусі возьмуць удзел у паездцы на Грунвальдскае поле 15—18 ліпеня, паведаміў Купава.
Ён падкрэсліў, што арганізатары святочных мерапрыемстваў з удзячнасцю прымуць любую спонсарскую дапамогу ад арганізацыяў і прыватных асобаў. Па пытаннях удзелу ў падрыхтоўцы і адзначэнні 600-годдзя Грунвальдскай перамогі можна звяртацца па тэлефонах (8-029)5513236, (8-029)3352494, альбо пісаць на: [email protected].
На рэпрадукцыі — узор сцягоў вайсковых фармаванняў земляў Вялікага княства Літоўскага 1410 года.