Наталля Радзіна: «З «паляўнічай справы» тырчаць асліныя вушы»
26- 19.05.2010, 16:44
Міліцыя не хоча вяртаць незалежным журналісткам кампутары, канфіскаваныя нібыта ў рамках «паляўнічай справы».
Сёння ў Першамайскі РУУС Менска былі выкліканыя журналістка сайта charter97.org Наталля Радзіна, шэф-рэдактар газеты «Народная воля» Святлана Калінкіна і намесніца рэдактара гэтага ж выдання Марына Коктыш. Старэйшы дазнаўца Ўпраўлення ўнутраных спраў Гомеля Аляксандр Пусеў азнаёміў журналістак з вынікамі паўторнай камп'ютэрнай-тэхнічнай экспертызы адабранай у іх тэхнікі. Паводле заключэння, супрацоўнікі Галоўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтра МУС РБ нібыта вывучылі ўсе кантакты журналістак ў сэрвісах Skype і QIP.
Кампутары журналісткам не вярнулі, заявіўшы, што яны з'яўляюцца «рэчавымі доказамі» ў крымінальнай справе. Марыне Коктыш і Святлане Калінкінай аддалі толькі канфіскаваныя ў іх флэшкі.
Што тычыцца кампутараў, канфіскаваных у офісе сайта charter97.org, то паўторная экспертыза была прызначаная таксама для таго, каб высветліць, ці ажыццяўлялася з іх адміністраванне сайта charter97.org. У заключэнні экспертаў заяўляецца, што дакладна высветліць, ці ажыццяўлялася адміністраванне сайта з гэтых кампутараў, не ўдалося.
«Якім чынам пытанне адміністравання сайта charter97.org адносіцца да ўзбуджанай крымінальнай справы, дазнаўца Пусеў мне сказаць зноў не змог. Тым больш, што, паводле першай экспертызы, ніякіх матэрыялаў, якія ганьбяць гонар і годнасць супрацоўніка КДБ Івана Каржа, у маіх кампутарах знойдзена не было. Ні аднаго пытання па «паляўнічай» справе мне не задавалі. Відавочна, што міліцыю гэта не цікавіць. Галоўнае для іх цяпер - праца апазіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў.
Што тычыцца заключэння экспертаў - то я ім не давяраю. Кампутары былі канфіскаваныя з парушэннем закона - серыйныя нумары сістэмных блокаў не былі перапісаныя. Пры гэтым мяне збілі. Аб якім даверы да міліцыі можа ісці гаворка, калі, нягледзячы на дадзеныя судмедэкспертызы, якая зафіксавала пабоі, пракуратура заявіла, што ніякага зьбіцця не было? Зразумела, што няма ніякай «паляўнічай справы» - ёсць проста ціск на незалежных журналістаў і ўсіх іншадумцаў. І асліныя вушы арганізатараў сёння бачныя ўсім», - заявіла журналіст сайта charter97.org Наталля Радзіна.