24 снежня 2024, aўторак, 5:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Расея заўсёды будзе стратэгічным партнёрам Беларусі»

189
Андрэй Саннікаў: «Расея заўсёды будзе стратэгічным партнёрам Беларусі»

Сенсацыйную заяву зрабіў амерыканскі часопіс «Newsweek»: Крэмль вызначыўся, якога кандыдата будзе падтрымліваць на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

Праз пяць гадоў пасля «каляровых» рэвалюцыяў, якія ахапілі краіны былога СССР, у Крамля, нарэшце, з'явіўся шанец узяць рэванш, піша «Newsweek».

Магчыма, па хуткім часе расейскія ўлады здолеюць зрынуць яшчэ двух кіраўнікоў суседніх дзяржаваў - Міхаіла Саакашвілі і Аляксандра Лукашэнку, не выключаюць журналісты.

На думку выдання, маюцца ўжо і адчувальныя вынікі: змена ўлады ва Украіне і Кыргызтане. Нельга сказаць, каб Масква была адзіным архітэктарам змены ўлады ў гэтых краінах, але, безумоўна, адыграла ключавую ролю, адзначае выданне. Гэтыя стратэгічныя перамогі натхняюць Крэмль на новыя спробы змяніць рэжым у краінах, якія ў Расеі завуць «блізкім замежжам».

Мэтай №1, на думку часопіса, з'яўляецца Грузія з яе пранатаўскім прэзідэнтам Саакашвілі. Расейскі палітолаг Сяргей Маркаў заяўляе, што Масква рыхтуе ў Грузіі «другі Бішкек». І, хаця, гэта гучыць як выхвалянне, зярнятка праўды ў заявах пракрамлёўскага дэпутата ўсё ж ёсць, піша выданне.

Крэмль застаецца верны сваёй стратэгіі - ствараць і ўзмацняць групоўкі, якія выступаюць супраць яго ворагаў, адзначае часопіс.

Наступнай у спісе цалкам можа стаць Беларусь, піша NEWSru.com са спасылкай на «Newsweek», дзе Крэмль знайшоў свайго чалавека - мясцовага апазіцыянера Андрэя Саннікава. Паводле ацэнкі часопіса, ён не занадта блізкі з Захадам, і гатовы прыняць дапамогу Расеі. Па словах самога Саннікава, Лукашэнка «у апошні час страшэнна напалоханы пасля таго, як стаў сведкам таго, як Расея падтрымлівае змену ўлады ў былых савецкіх краінах», адзначае выданне.

Сенсацыйную заяву часопіса «Newsweek» сайт charter97.org папрасіў пракаментаваць самога лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава.

«З Расеяй даўно час выбудоўваць нармальныя стасункі. Расейская Федэрацыя заўсёды будзе стратэгічным партнёрам Беларусі. Калі Масква ўспрымае мае галоўныя мэты – свабодная Беларусь у 2011 годзе і Беларусь у Еўразвязе ў 2016-2017 гадах, дык можна размаўляць па ўсіх пытаннях, якія хвалююць і нас, і Расею. У гэтым нічога немагчымага няма. Мадэллю такіх стасункаў з'яўляецца Украіна. Расея спакойна ставіцца да стратэгічнага выбару Украіны ў накірунку Еўропы і мае справу з легітымным прэзідэнтам, абраным сумленна і прызнаным міжнароднай супольнасцю. Мы бачым, як сёння выбудоўваюцца расейска-украінскія стасункі. Так будзе і ў Беларусі, калі тут з'явяцца абраныя народам улады», - заявіў палітык.

Напісаць каментар 189

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках