23 лiстапада 2024, Субота, 22:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжым мае намер падмануць Еўропу: Зноў рыхтуюцца фальсіфікацыі

21

Гэтым разам схема такая: кандыдатаў ад апазыцыі рэгіструюць, але лічыць галасы па-ранейшаму будуць толькі «свае людзі».

У інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» беларускі палітолаг Віктар Чарноў аналізуе сітуацыю вакол выбараў у мясцовыя саветы ў сувязі са змяненнем выбарчага заканадаўства.

На думку палітолага, нягледзячы на змены ў выбарчым заканадаўстве Беларусі, ва ўлады ёсць адпрацаваная практыка імітацыі выбарчага працэсу.

- У якой ступені на празрыстасць і адкрытасць выбараў у мясцовыя саветы паўплывалі апошнія змены выбарчага заканадаўства?

- Прастора для апазіцыі на выбарах па-ранейшаму вельмі абмежаваная. Напрыклад, палітычныя партыі атрымалі больш магчымасцяў для вылучэння сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі - іх павінна быць не менш за траціну. Але ёсць адпрацаваная практыка, і ўлады засцераглі сябе, уключаючы ў камісіі прадстаўнікоў лаяльных структураў. Таму на беларускіх выбарах партыі з'яўляюцца для ўлады інструментам імітацыі галасавання і выбару.

Працэнт патраплення прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў у выбарчыя камісіі проста мізэрны - менш за адзін працэнт, гэта значыць, на ўзроўні статыстычнай хібнасці. Такім чынам, выканаўшы заданне па прадстаўніцтве апазыцыйных партыяў у камісіях, улады не чынілі асаблівых перашкодаў кандыдатам ад апазіцыі, і амаль усе яны зарэгістраваныя.

Пры гэтым трэба звярнуць увагу на сур'ёзную дыспрапорцыю паміж колькасцю заявак на ўдзел у камісіях лаяльных партыяў і колькасцю вылучаных імі кандыдатаў. Напрыклад, Беларуская аграрная партыя зарэгістравала 7 чалавек кандыдатамі, а ў склад камісіяў вылучыла 132 чалавекі. Ад Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі толькі 2 чалавекі выказалі жаданне балатавацца, а членамі камісіяў пажадалі стаць 434 сябра гэтай партыі.

Такая дыспрапорцыя не выпадковая. Яна выказвае імітацыйную прыроду як праўладных партыяў, так і ўсяго выбарчага працэсу Беларусі. Лаяльныя партыі не ставяць перад сабой самастойных палітычных мэтаў, але яны патрэбныя ўладзе для імітацыі выбараў і фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

- Дадзеныя сацапытання 10-гадовай даўніны і сённяшнія ў тым, што тычыцца стаўлення да насельніцтва да выбараў у мясцовыя саветы, амаль не мяняюцца: большасць беларусаў лічаць, што мясцовая ўлада нічога не вырашае, і таму выбаршчыкі нават не ведаюць імёнаў сваіх дэпутатаў. Чаму ў грамадзянаў адсутнічае патрэба ў эфектыўнай мясцовай уладзе?

- У беларускім грамадстве, на жаль, наогул адсутнічае запыт на сумленныя і свабодныя выбары. Нават калі людзі і лічаць выбары несправядлівымі, але згаджаюцца з гэтым, таму што ў разуменні большасці ўлада заўсёды мае рацыю. Беларусы дастаткова патрыярхальныя, у грамадстве адсутнічае імкненне да пераменаў. Многія з розных прычынаў лічаць, што больш рацыянальна прыстасоўвацца да сітуацыі, чым яе мяняць. Адсюль і палітычная апатыя і пасіўнасць.

Але адна з галоўных праблемаў - праблема страху, людзі запужаныя. Напрыклад, падчас цяперашніх выбараў актывістаў выклікалі ў кабінеты начальнікаў, дзе іх вымушалі адмаўляцца ад подпісаў, ад вылучэння сваіх кандыдатураў у камісіі ці кандыдаты ў дэпутаты. Страх у грамадстве яшчэ вельмі моцны. Яно атамізаванае, і кожны прымае рашэнне дома, на кухні, ён не адчувае ўплыву групавой маралі, паколькі людзі не ўваходзяць ні ў якія сацыяльныя структуры і грамадзкія арганізацыі.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках