25 снежня 2024, Серада, 16:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыктатар не робіць высноваў: сыходзіць трэба самому

51

Падарожжа кыргызскага дыктатара Курманбека Бакіева з Алматы ў Менск выклікае мноства пытанняў і здагадак.

Едзе Курманбек Бакіеў па Бішкеку, бачыць банк.

- Гэта чый банк?

- Дык вашага сына Максіма.

Едзе далей, бачыць яркую шыльду гатэля.

- Гэта чый гатэль?

- Дык вашага сына Максіма.

Далей едуць.

- Гэта чыя аўтазапраўка?

- Дык вашага сына Максіма.

Падумаў Курманбек і глыбакадумна вымавіў: «У гэтай краіне толькі адзін Максім працуе».

Калега вярнуўся з Кыргызтана і прывёз уражанні, што называецца, з месца падзеяў. Показку, дарэчы, таксама ён прывёз. Некалькі высноваў з яго падарожжа - кланавасць, швагры, сваякі на высокіх пасадах, жаданне падмяць усё пад сябе, усёдазволенасць правакуюць не павагу да «моцнай рукі», а нянавісць.

Па-другое, калега, паразмаўляўшы, што называецца «і з чырвонымі, і з белымі», перакананы, што дзяржпераварот у Кыргызтане быў справакаваны Расеяй.

Магчыма, менавіта таму ўпершыню Крэмль вельмі хутка і вельмі адназначна адрэагаваў на выпады Аляксандра Лукашэнкі ў свой адрас у сувязі з кыргызскімі падзеямі. Памочнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька, адказваючы Лукашэнку, фактычна працытаваў лацінаамерыканскія выказванні Дзмітрыя Мядзведзева: маўляў, трэба разумна кіраваць дзяржавай, і тады не будзе страхаў адносна таго, што кыргызскі сцэнар паўторыцца ў тваёй краіне.

Але крыху пазней ужо сам Мядзведзеў развіў сваю думку на сустрэчы з Віктарам Януковічам. Ён пахваліў Януковіча (усёткі Чарнаморскі флот яшчэ на 25 гадоў застаецца ў Крыме) і ўзгадаў пра «іншых партнёраў»…

«Калі казаць пра іншыя краіны, трэба паглядзець, наколькі іх дзеянні сувымерваюцца з тымі вынікамі, якія дасягаюцца, і з тымі ўчынкамі, якія здзяйсняюцца. Калі казаць пра ўсялякага кшталту зніжкі, пра дапамогу, дык ўзнікае пытанне - дзеля чаго і за што. Бо адна справа - рэальнае партнёрства і іншая - дэклараванне намераў. Адна справа - дамаўляцца па-сур'ёзнаму, дапамагаць адзін адному, іншая справа - прымаць рашэнні пра прыём на пастаяннае месца жыхарства людзей, якія страцілі працу.»

За што Бакіеў быў «пакараны» Масквой, ужо таксама зразумела. Цытата ўсё з таго ж Мядзведзева: «Прэзідэнт Бакіеў - паслядоўны чалавек; ён спачатку сказаў, што прыняў паслядоўнае рашэнне і збіраецца ліквідаваць амерыканскую базу, а потым прыняў паслядоўнае рашэнне пра захаванне міжнароднага цэнтра транзітных перавозак. Паслядоўнасць з'яўляецца каштоўнай рысай палітыка: чым лепшая паслядоўнасць палітыка, тым лепшы вынік яго працы. Вынік - відавочны».

Ці трэба нагадваць, што пра паслядоўнасць галоўнага расейскага саюзніка - Лукашэнкі, які не толькі абяцанняў панадаваў, але і грошай пад гэтыя абяцанні набраў, можна пісаць кнігі. З пункту гледжання ўмення абводзіць маскоўскіх партнёраў вакол пальца мы Лукашэнкам можам ганарыцца. З пункту гледжання коштавага выражэння яго абяцанняў, мы можам ініцыяваць унясенне прозвішча Лукашэнкі ў Кнігу рэкордаў Гінэса, таму што, напэўна, нічые прамовы не аплачваліся так шчодра. Шахеразада проста адпачывае ў параўнанні з нашым вусатым казачнікам. Але ён не здолеў своечасова спыніцца, загуляўся. У выніку спраўдзілася тое, ад чаго апазіцыя перасцерагала яшчэ ў дзень падпісання саюзнай дамовы з Расеяй, і за што тая акцыя апазіцыі была жорстка разагнаная АМАПам: гэтае кармленне з расейскай рукі стала пагрозай для бяспекі краіны.

Бачачы, як абыйшліся з Бакіевым, Лукашэнка з яго багатай фантазіяй мадэлюе для сябе яшчэ горшыя сцэнары. Проста таму, што ён значна больш абяцаў і значна больш павінен.

Трэці аспект, як лічаць у Кыргызтане, які пралівае святло на асаблівыя беларуска-кыргызскія стасункі. Там кажуць, што за час кіравання Бакіева поўдзень краіны ператварыўся ў легалізаваны ўладамі маршрут транзіту афганскіх наркотыкаў у Еўропу. Лічыцца, што далей у гэтым маршруце значыцца і Беларусь (з апекаваннем ужо можна толькі здагадвацца каго). А такія сувязі, як вядома, насамрэч вельмі цесныя.

Паколькі па дзіўным збегу абставінаў праваахоўныя органы нашай краіны сапраўды перасталі выяўляць колькі-небудзь сур'ёзныя партыі наркотыкаў, дык я раблю выснову, што гэтую версію выключаць нельга. І цалкам можа быць, што зусім не раптоўна Курманбек Бакіеў апынуўся беларускаму кіраўніцтву вялікім сябрам.

Як бы там ні было, відавочна, што свае высновы з таго, што адбылося ў Кыргызтане, зрабіў і Аляксандр Лукашэнка. Дзеці Бакіева, якіх трэба было выратаваць, гэта, вядома, правільна. Дзеці ні ў чым не вінаватыя, і яны не павінны пакутаваць. Праўда, калі б іх таты-прэзідэнты заўсёды памяталі, што ў іх палітычных супернікаў таксама ёсць жонкі, дзеці, маці, дык, напэўна, выбіралі б для ўтрымання ўлады іншыя метады. Але не памятаюць, не хочуць гэта разумець, проста нейкае зацьменне розуму надыходзіць на іх ад «паўнаты ўлады».

Сёння ўсе задаюцца пытаннямі: «Для чаго Лукашэнку спатрэбіўся Бакіеў? Навошта ён улез ва ўсю гэтую гісторыю? Чаму ў і без таго не простай сітуацыі пайшоў на абвастрэнне стасункаў з Крамлём?» А я лічу, што Лукашэнка адказаў на гэта пытанне, заявіўшы: «Трэба пакласці канец гэтым рэвалюцыям». Магчыма, для яго гэта апошні шанец і апошні бой.

Зразумела, што, аналізуючы прэтэнзіі да Бакіева, у першую чаргу ён думаў пра сябе, пра сваіх сыноў, пра сваё магілёўскае зямляцтва, якое ўзвысілася над усімі, якое адрозніваецца не кампетэнтнасцю, але нахрапам. Але ў выпадку чаго -- куды яму бегчы? Няма куды! Нават Чавес і Венесуэла - няпэўны варыянт. Таму што следам да сябра Уга прыедзе Пуцін з грашыма і зноў прыйдзецца пакаваць чамаданы.

Відавочна, што не без удзелу беларускага кіраўніка Курманбек Бакіеў сёння дэзавуяваў сваю заяву пра адстаўку. Зразумелыя і далейшыя крокі Лукашэнкі і Бакіева: зараз яны будуць ірвацца на паседжанне АДКБ, пагражаць паралізаваць дзейнасць АДКБ, бо ў аснову прыняцця рашэнняў у межах гэтай арганізацыі пакладзены прынцып кансенсусу, настойліва шукаць саюзнікаў сярод іншых кіраўнікоў дзяржаваў СНД. Тым больш, што на тэму пераваротаў у тым рэгіёне ёсць з кім размаўляць. Напрыклад, у Карымава ўжо неяк палаў Андыжан. Ён тады кінуўся па дапамогу да Расеі, да АДКБ далучыўся, а калі сітуацыя супакоілася - даў задні ход. Увогуле, таксама ёсць нагода паразважаць пра паслядоўнасць.

Вось толькі лідэры таго рэгіёна яшчэ не «на лічыльніку»: той жа Карымаў днямі пабываў у Маскве, пагутарыў з «глыбокапаважаным Дзмітрыем Анатолевічам». Яны хітрэйшыя, мудрэйшыя, каварнейшыя. Так што ў гэтага «бунту расейскіх васалаў» наўрад ці ёсць сур'ёзныя перспектывы.

А гэта значыць, што галоўныя высновы беларускім кіраўніком не зробленыя. Хаця яны простыя. Сыходзіць трэба самому, не чакаючы ні бунтаў, ні рэвалюцыяў, ні пераваротаў. І ні пры якіх абставінах нельга аддаваць загад страляць у сваіх грамадзянаў. Таму што для тых, хто запляміў сябе крывёй, у гэтым вялікім свеце сапраўды мала месца.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках