26 снежня 2024, Чацвер, 18:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы просяць АБСЕ звярнуць увагу на справу Аўтуховіча

2

Беларускія праваабаронцы, якія назіралі за крымінальным працэсам па справе прадпрымальнікаў, звярнуліся да кіраўніка Офіса АБСЕ ў Менску Бенедыкта Халера.

Тэкст заявы праваабаронцаў прыводзіць сайт «Беларускі партызан».

«З 10 сакавіка 2010 года ў Вярхоўным судзе распачаўся працэс па абвінавачванні прадпрымальнікаў з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі, а таксама Аляксандра Ларына. Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка былі арыштаваныя ў Ваўкавыску 8 лютага 2009 года. Палітвязень Мікалай Аўтуховіч і раней пераследваўся за сваю актыўную барацьбу за правы прадпрымальнікаў. На думку праваабаронцаў, сёння яго і Уладзіміра Асіпенку бяздоказна абвінавачваюць у здзяйсненні цяжкіх злачынстваў. У знак пратэсту супраць незаконнага арышту Аўтуховіч галадаў у турме больш за 90 дзён, моцна падарваўшы здароўе. Абвінавачаным пагражае вышэйшая мера пакарання - пажыццёвае зняволенне ці смяротнае пакаранне. Часткова віну прызнае толькі Аляксандр Ларын.

У студзені 2010 года ўплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» прызнала ваўкавыскіх прадпрымальнікаў палітвязнямі.

25 сакавіка 2010 года падчас судовага працэсу па справе палітвязняў быў дапытаны сведка Аляксандар Козел, дастаўлены ў суд з калоніі.

Аляксандр Козел адбывае пакаранне за падпал ў 2005 годзе дома былога начальніка міліцыі Ваўкавыска Кацубы. Аляксандр Козел быў асуджаны ў 2006 годзе. Ён быў у той час непаўнагадовым.

Сведка заявіў, што яшчэ да суду над ім у 2006 годзе на яго аказвалі ціск следчыя і аператыўныя супрацоўнікі, збівалі яго, пагражалі і патрабавалі, каб ён абгаварыў Мікалая Аўтуховіча нібыта той замовіў падпал дома начальніка ваўкавыскай міліцыі Кацубы. На адным з допытаў ён і прызнаў, што быццам бы гэта менавіта Аўтуховіч замовіў падпал дома Кацубы.

25 сакавіка 2010 года сведка Аляксандар Козел у зале Вярхоўнага суда заявіў, што тыя паказанні ім былі дадзеныя пад грубым ціскам аператыўнікаў, і ён не хоча і не можа і далей абгаворваць нявіннага чалавека.

Падобныя паказанні даў у Вярхоўным судзе таксама Юры Арцюкевіч, які адбывае пакаранне за падпал дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Віталя Кацубы. У 2006 годзе ён таксама быў асуджаны Ваўкавыскім судом і да гэтага часу адбывае пакаранне.

Ён распавёў, што аператыўныя работнікі размаўлялі з ім двойчы: адзін раз - у следчым ізалятары ў Гародні ў 2007 годзе, другі раз - у Менску ў лютым 2009 года, куды яго прывозілі з калоніі. Падчас гэтых сустрэчаў яго спрабавалі прымусіць абгаварыць Аўтуховіча - што менавіта Аўтуховіч з'яўляўся заказчыкам падпалу дома Кацубы.

Пра ціск аператыўна-следчай групы па гэтай справе заяўлялі Юры Лявонаў, Уладзімір Асіпенка, Міхаіл Казлоў, Мікалай Аўтуховіч, Аляксандр Козел і Юры Арцюкевіч.

Улічваючы вялікую грамадскую значнасць гэтага працэсу і сур'ёзна баючыся за здароўе і жыццё сведкаў, якія далі выкрывальныя паказанні супраць супрацоўнікаў аператыўна-следчай групы, мы просім Вас, кіраўніка офіса АБСЕ ў г.Менску, звярнуць сваю асаблівую ўвагу на стан знаходжання ў месцах пазбаўлення волі сведкаў па справе Мікалая Аўтуховіча Аляксандра Козела і Юрыя Арцюкевіча».

Гэты зварот да кіраўніка Офіса АБСЕ ў Менску падпісалі Раіса Міхайлоўская (ГА «Цэнтр па правах чалавека»), Алег Воўчак, Алеся Мураўёва (ПЦ «Прававая дапамога насельніцтву»), Вячаслаў Сіўчык, праваабаронца, Аляксандр Камароўскі, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні Руху ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы Айчыны», Павел Севярынец, пісьменнік, Андрэй Сушко (Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць»).

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках