27 лiстапада 2024, Серада, 13:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На «Be2gether 2010» выступяць Лявон Вольскі і Сяргей Шнураў

3

Абвешчаныя новыя ўдзельнікі фэсту «Be2gether 2010», які пройдзе 25-27 чэрвеня ля замка Нарвілішкес у Літве.

Беларускім хэдлайнерам фэсту будзе Лявон Вольскі. «Усходні» блок на фестывалі падтрымае група «Рубель» на чале з Сяргеем Шнуравым, а «заходні» - вядомы брытанскі рэпер Roots Manuva, паведамляе «Штодзённік».

Лявон Вольскі прэзэнтуе на фестывалі свой новы альбом «Белая яблыня грому» на вершы беларускіх класікаў, а таксама хіты з розных праектаў, уключаючы «Крамбамбуля», «Я нарадзіўся тут» і інш.

«Мяне радуе, што Лявон, з'яўляючыся легендай беларускага року, не спыняецца і ўвесь час шукае нейкія новыя творчыя шляхі. «Be2gether» - фестываль музыкі і мастацтваў, таму гэты праект ідэальна ўпісваецца ў яго», - кажа Гедрус Клімкявічус, арганізатар і ідэолаг «Be2gether».

Другім, але не апошнім прадстаўніком Беларусі ў гэтым годзе будзе маладая група Open Space, якая нядаўна выпусціла дэбютны альбом «Deal With Silence» і атрымала ўзнагароду «Поп-рок праект» на нядаўняй «Рок-каранацыі».

«Мне падаецца, што яны яшчэ знаходзяцца ў пачатку шляху, але мы бачым у іх патэнцыял і спадзяемся, што выступ на «Be2gether» дапаможа ім зрабіць крок наперад. Акрамя гэтага мы спадзяемся запрасіць яшчэ 1-2 беларускія калектывы. Зараз ідзе адбор», - адзначыў спадар Клімкявічус.

Нагадаем, што хэдлайнерамі фэсту будуць групы Skunk Anansie (Вялікабрытанія) і Empire Of The Sun (Аўстралія). Таксама выступяць гурты «Гайдамакі» (ска-фолк, Украіна), Crystal Fighters (электроніка, Вялікабрытанія), WhoMadeWho (электра-рок, Данія), Bauchklang (бітбоксер, Аўстрыя), Casiokids (электра-поп, Нарвегія), Silence Family (электра-поп, Літва).

Квіткі на фэст ужо паступілі ў продаж у Беларусі. Іх кошт будзе расці ад 250 тысячаў рублёў (на гэты момант) да 350 тысячаў рублёў у канцы траўня. Візы для грамадзянаў Беларусі пры наяўнасці беларускага білета традыцыйна будуць бясплатнымі. Чакаецца, што дакументы ў амбасадзе Літвы будуць прымаць з сярэдзіны красавіка да пачатку чэрвеня, пра што будзе абвешчана дадаткова.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках