25 снежня 2024, Серада, 18:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: «Расейская эканоміка нестабільная і прывязвацца да яе небяспечна»

8

Экс-кіраўнік Нацбанка лічыць, што Беларусь не зацікаўлена ў стварэнні адзінага валютнага саюза з Расеяй і Казахстанам.

Магчымасць стварэння ў перспектыве адзінага валютнага саюза Беларусі, Казахстана і Расеі агучыў сёння першы віцэ-прэм’ер Расейскай Фэдэрацыі Ігар Шувалаў. Такое меркаванне ён выказаў на Міжнародным эканамічным форуме дзяржаў-удзельніц СНД у Маскве, нагадвае «Радыё Свабода».

Расейскі чыноўнік заявіў, што спачатку будзе створана агульная Еўразійская эканамічная прастора. Затым - на яе тэрыторыі адзіны валютны саюз.

«Расейскі чыноўнік агучыў ідэю стварэння рэгіянальнай валюты, -- пракаментаваў дадзеную заяву былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч. -- Гэта - не новая ідэя. Пра яе кажуць і на арабскім Усходзе, і ў Лацінскай Амерыцы, і ў Паўночнай Амерыцы, і нават у Афрыцы. Стварэнне рэгіянальных валют - гэта традыцыйна наступны крок пасля стварэння эканамічных супольнасцяў. Таму і прапанову спадара Шувалава трэба разглядаць як магчымую».

Паводле слоў эксперта, Беларусь не павінна спяшацца адмаўляцца ад сваёй валюты.

«Іншая справа, ці патрэбна гэта Беларусі? Я асабіста лічу - не. У нас ёсць свая валюта, якой мы можам і надалей карыстацца, маючы пэўны суверэнітэт у эканамічнай палітыцы. Тут няма куды спяшацца. Я вось назіраю за тым, што цяпер адбываецца ў Грэцыі. І лічу, што, калі б у гэтай краіны была свая валюта, а не еўра, яна хутчэй выйшла б з крызісу, хутчэй збалансавала попыт і прапанову».

Станіслаў Багданкевіч падкрэслівае, што расейская эканоміка – нестабільная.

«Да таго ж мяне непакоіць, што ініцыятыва паходзіць з Масквы. Расейская эканоміка - сыравінная, нестабільная і няўстойлівая. І прывязвацца да яе небяспечна. Сур'ёзнай эканамічнай базы для гэтай ідэі пакуль няма. І пра яе рэалізацыю можна казаць толькі ў вельмі далёкай перспектыве», -- сказаў эксперт.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках