28 снежня 2024, Субота, 0:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таксі паднімае тарыфы

12

Кіроўцаў прымусяць «раскашэліцца» на новыя таксометры, а кампенсуюць гэтыя грошы за кошт пасажыраў

З 1 верасня усе таксісты мусяць змяніць таксометры. Новыя прыборы ўліку даражэйшыя і скіраваныя на ўзмацненне кантролю за кіроўцамі. Пра гэта «Еўрарадыё» распавёў абураны кіроўца таксі.

«Склалася такія сітуацыя, што не аднаму дзясятку тысяч беларускіх таксістаў спрабуюць «упарыць» новыя таксометры. Іх кошт па незразумелых прычынах прыбліжаны да кошту ноўтбука!

Чаму мы павінны кожныя пяць год мяняць таксометры, калі новы каштуе больш за мільён, а стары за 600 тысяч працуе без праблем? Ён мае тыя ж функцыі і выдае чэк», - абураецца кіроўца таксі Андрэй.

Старыя таксометры ТАЭ-3Ф былі ўнесеныя ў рэестр 7 год таму. Згодна з законам мадэль у рэестры знаходзіцца толькі пяць год. Два гады таму іх вывелі з рэестра, але пакінулі час на эксплуатацыю. У верасні гэты тэрмін мінае і тысячам кіроўцаў давядзецца купіць новыя таксометры.

У выніку таксісты ўжо пачалі незаўважна кампенсоўваць непрадбачаныя выдаткі за кошт пасажыраў, распавёў старшыня асацыяцыі «Сталічнае таксі» Ігар Верхавец.

«Ёсць свае хітрасці. Вось адна служба. Яны заяўляюць гучна, што ў іх тарыф 1000, пры сярэднім па горадзе 1300. Пры гэтым яны забываюць сказаць, што ў іх каля 20-30 тысяч за гадзіну прастою, а сярэдняе па горадзе - 10 тысяч», -- распавёў Ігар Верхавец.

Такім чынам, калі вы едзеце, то кіламетр вам лічыцца па тысячы, а пакуль стаіце на светлафоры - плаціце 500 рублёў за хвіліну. А яшчэ адна служба павялічыла ў гэтым месяцы прастойныя гадзіны і абаніраванне да 10 тысяч.

Чаму новыя таксометры аказаліся такімі дарагімі? На думку Ігара Верхаўца, уся праблема ў тым, што іх распрацоўвае манапаліст.

«Лічыльнікі вырабляе Наваполацкі завод, а распрацоўвае і ўкараняе манапаліст. Такія фірмы як «Альтэрнатыўныя тэхналогіі» ці «Белтакс». Акрамя іх усё абсталяванне ў Беларусі забаронена. У нас калісьці былі польскія таксометры. Па якой прычыне іх забаранілі, ніхто не можа патлумачыць. А я вам патлумачу - так выгадна Кавалеўскаму (дырэктар прадпрыемства «Альтэрнатыўныя тэхналогіі»). Навошта яму канкурэнцыя, няхай бяруць толькі яго», -- сказаў Верхавец.

Дырэктар «Альтэрнатыўных тэхналогій» парыруе абвінавачванні ў свой адрас. Тое, што яны з'яўляюцца манапалістамі, а таксама дарагавізну прыбора Віталь Кавалеўскі тлумачыць малым аб'ёмам працы.

«Нам на ўсю краіну трэба 10 тысяч штук максімум, а гэта прыблізна па 100 таксометраў у месяц. Каштуе ён столькі, бо ўсё цалкам зроблена ў Беларусі, а абсталяванне і частка камплектацыі не кітайская, а купленая ў «буржуеў», -- заявіў Кавалеўскі.

Таксісты ж звязваюць усе новаўвядзенні толькі з узмацненнем кантролю над кіроўцамі і спосабам зарабіць для распрацоўшчыкаў.

У Беларусі працуе каля 10 тысяч таксістаў. Агулам за новыя прыборы ім давядзецца выкласці амаль 3,5 мільёны даляраў!

«Гады два таму асацыяцыя «Сталічнае таксі» вяла барацьбу са спадаром Кавалеўскім, які захацеў абсталяваць таксометры зялёненькімі лямпачкамі. Ён распавядаў як яны неабходныя падаткавікам, якія будуць на хаду глядзець спалучэнне агеньчыкаў. І як зручна таксістам разабраць паўмашыны, каб іх усталяваць. На паседжанні ў Міністэрстве транспарту ніхто не мог зразумець навошта тыя агеньчыкі. А яму трэба было проста дадаткова грошай зарабіць», -- адзначыў Ігар Верхавец.

Аднак распрацоўшчык сцвярджае, што новы прыбор нашмат лепшы за стары. Па ім можна разлічвацца карткай і ён дае менш магчымасцяў падмануць як кліента, так і дзяржаву.

«Прыбор гэты не дазваляе нас падманваць. Першы падман ідзе для дзяржавы - схаванне прыбытку. А другі момант, калі нешта змяніць, то прыбор можа паказваць няправільныя паказанні і тады падманваюць нас», -- сказаў Віталь Кавалеўскі.

Магчыма, новыя таксометры не стануць абавязковымі менавіта з 1 верасня. Савет Міністраў рыхтуе пастанову, згодна з якой старымі прыборамі яшчэ можна будзе карыстацца пакуль не міне 6 год з моманту іх пакупкі і пастаноўкі на ўлік.

Але відавочна, што праезд на таксі будзе даражэць. З-за Мытнага саюзу падвысяцца цэны на аўто, падаражала паліва, новыя лічыльнікі, страхоўкі і ліцэнзіі - усё гэта адаб’ецца на пасажырах.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках