У Віцебску «выбары» альтэрнатыўныя толькі ў 1/3 акругаў
3- 30.03.2010, 10:38
У Віцебскі гарадскі Савет дэпутатаў балатуюцца выключна кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў горада і актывісты апазіцыйных партыяў.
Толькі ў тых акругах, дзе кандыдатамі ў дэпутаты сталі дэмакратычныя актывісты, выбары будуць альтэрнатыўныя - з усіх 40 акругаў толькі ў 12-ці па два і больш прэтэндэнтаў, што складае толькі адну трэць ад агульнай колькасці, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Ва ўсіх 40 акругах вылучылі 40 кіраўнікоў вышэйшага ўзроўню: палова з іх - гэта дырэктары і іх намеснікі, а таксама пяць галоўных урачоў гарадскіх медустановаў. Акрамя таго, у кандыдатах у дэпутаты лічацца прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай працы, камандзір вайсковай часткі і ваенны камісар Віцебскага аб'яднанага гарадскога ваеннага камісарыята, начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада «Віцязь» і Віцебскага гарадскога аддзела надзвычайных сітуацыяў, некалькі чыноўнікаў выканаўчай улады і цяперашні старшыня Віцебскага гарсавета Мікалай Смунёў.
Толькі ў 12-акругах гарадскім кіраўнікам і начальнікам ёсць альтэрнатыва - прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў, такіх, як партыя БХД, якая ствараецца, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і Аб'яднаная грамадзянская партыя.
Традыцыйна, Віцебскі гарадскі Савет дэпутатаў мае «мужчынскае аблічча». У гарадскім заканадаўчым сходзе, які дзейнічае цяпер, працуе менш за 20% жанчынаў. На выбарах, што праходзяць, жанчынаў, якія прэтэндуюць на дэпутацкі мандат -15 чалавек, што складае 37,5% ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў.
Сярод жанчынаў, якія жадаюць праявіць сябе на ніве мясцовай палітыкі, тры дырэктаркі віцебскіх школаў, хатняя гаспадыня, гардэробшчыца абласной філармоніі, дзве часова беспрацоўныя, два ўрача, пенсіянерка, выкладчыца, некалькі дырэктарак гарадскіх прадпрыемстваў.
Тры прэтэндэнткі маюць партыйную прыналежнасць - адна з іх старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі АГП Вольга Карач, дзве прадстаўляюць Беларускую партыю левых «Справядлівы свет».