27 лiстапада 2024, Серада, 21:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка здзейсніў мару Астапа Бэндара

58
Лукашэнка здзейсніў мару Астапа Бэндара

Беларускі дыктатар наведаў Рыа-дэ-Жанэйра, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Бразіліі Луісам Інасіў Лулай да Сілвай.

Сустрэчу з бразільскім прэзідэнтам Аляксандр Лукашэнка пачаў з указанняў, што яму трэба зрабіць.

«Мы б жадалі, каб вы зрабілі даручэнне свайму ўраду, міністрам, каб і яны зацікаўлена паставіліся да нашых прапановаў, і мы знайшлі б пункты судачынення на федэральным узроўні», — сказаў Лукашэнка, словы якога прыводзіць прэс-служба беларускага кіраўніка.

Ён адзначыў, што Беларусь бачыць для сябе вялікае поле дзейнасці ў Бразіліі, асабліва ў сувязі з прынятай праграмай развіцця сельскай гаспадаркі.

Як рапартуе прэс-служба Лукашэнкі, «сустрэча прэзідэнтаў дазволіла вызначыць асноўныя накірункі, якія цікавяць абодва бакі, у развіцці супрацоўніцтва». Перш за ўсё, «гэта сферы, якія садзейнічаюць развіццю буйной сельскагаспадарчай вытворчасці, напрыклад, пастаўкі тэхнікі з усім спадарожным абсталяваннем». Акрамя таго, бразільскі бок «цікавіць» стварэнне зборачных вытворчасцяў: гэта могуць быць трактары і сельскагаспадарчае абсталяванне. «Сур'ёзная цікавасць» выяўленая да магчымасці паставак вялікагрузнай кар'ернай тэхнікі, самазвалаў БелАЗ.

Бразілія «зацікаўленая ў далейшых пастаўках калійных соляў з Беларусі». «Нашая краіна ўжо мае траціну бразільскага рынка па пастаўках калійных угнаенняў, і гэта супрацоўніцтва будзе працягнутае», — адзначаецца ў паведамленні.

Падчас сустрэчы прэзідэнт Бразіліі вітаў заяву Лукашэнкі пра намер адкрыць беларускую амбасаду ў яго краіне. Бразілія таксама адкрые амбасаду ў Менску.

Луіс Інасіў Лула да Сілва «падкрэсліў цікавасць бразільскага боку да нарошчвання і дыверсіфікавання экспартных паставак прадуктаў харчавання ў Беларусь, уключаючы сою і мяса, і павелічэння аб'ёмаў гандлю ўгнаеннямі».

Таксама паведамляецца, што кіраўнікі «пацвердзілі цікавасць сваіх дзяржаваў да супрацоўніцтва ў мэтах умацавання энергетычнай бяспекі, выкарыстання альтэрнатыўных і ўзнаўляльных крыніцаў энергіі». Яны дамовіліся развіваць двухбаковае супрацоўніцтва ў сферы вытворчасці біяпаліва, маючы на ўвазе бразільскі досвед у выпуску і выкарыстанні этанолу і біядызельнага палівы.

Яшчэ адна тэма перамоваў, зыходзячы са справаздачы прэс-службы: Лукашэнка і да Сільва прыйшлі да згоды аб тым, што глабальнае пацяпленне і змена клімату з'яўляюцца вельмі сур'ёзнымі пытаннямі сучаснага міжнароднага парадку і павінны быць аб'ектамі пастаяннай прыярытэтнай увагі, асабліва ў межах Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках