26 снежня 2024, Чацвер, 4:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперты: З-за падвышэння пошлінаў іншамаркі падаражэюць у 2-2,5 разы

32

Па ўзроўні спажывання аўтамабіляў Беларусь адкіне, як мінімум, на 10 гадоў назад.

Мытны саюз закранае інтарэсы самых розных суб'ектаў эканамічных адносінаў – не толькі спажыўцоў, але і вытворцаў, удзельнікаў тавара-праводных сетак, індывідуальных прадпрымальнікаў, дзяржавы. Але найважнейшы інтарэс -- спажывецкі. У Беларусі звыш за 2 мільёны аўтаўладальнікаў, а паколькі аўтамабіль, як правіла, абслугоўвае хатнюю гаспадарку, можна казаць, што да паловы грамадзянаў Беларусі датычыць пытанне аб падвышэнні пошлінаў на іншамаркі.

Калі з 1 ліпеня 2010 года падвысяцца пошліны на аўтамабілі замежнага паходжання, дык, як прагназуе бізнэс-аналітык Аляксей Бабайцаў, у другім паўгоддзі 2010 года адбудзецца агульнае падзенне аб'ёмаў імпарту прыкладна ў 4-5 разоў.

-- А імпарт патрыманых аўтамабіляў скароціцца ў 15-20 разоў. Увоз ўжываных машынаў старэйшых за пяць гадоў практычна цалкам спыніцца, як гэта ўжо адбылося ў Расеі. Сярэдні кошт імпартаваных аўтамабіляў вырасце прыкладна ў 2-2,5 разы. У асноўным, гэта будуць новыя аўтамабілі, -- кажа эксперт «Заўтра тваёй краіны».

Па падліках Бабайцава, агульны аб'ём ненабытых беларусамі аўтамабіляў за 5 гадоў складзе 500 тысячаў.

-- У 2008 годзе ў нас з Расеяй быў роўны ўзровень спажывання, у 2009 годзе ўзровень спажывання аўтамабіляў у Беларусі быў значна вышэй, у 2010 годзе мы зраўняемся, а ў 2011 годзе ўзровень спажывання аўтамабіляў у Беларусі будзе значна ніжэйшы, чым у Расеі – на 30-40 адсоткаў, -- лічыць эксперт. -- Гэта адбудзецца па некалькіх прычынах. Напрыклад, у сувязі з разрывам у даходах.

Зніжэнне ўзроўня спажывання легкавых аўтамабіляў у Беларусі, перш за ўсё, ударыць па сярэднім класе, адзначае Аляксей Бабайцаў, а выйсці на ўзровень спажывання імпартных аўтамабіляў 2008 года Беларусь зможа не менш чым праз 10 гадоў.

Два сцэнары развіцця падзеяў

Пры ўмове стабільнай эканамічнай сітуацыі – танныя крэдыты, зарплаты ў 500 даляраў і гэтак далей – Беларусь, на думку бізнэс-аналітыка, будзе адкінутая па ўзроўні спажывання аўтамабіляў на 10 гадоў назад, да ўзроўня спажывання 2000 года.

Крызісны сцэнар прадугледжвае, што рынак не зможа, як раней, мікшыраваць узровень падзення прыбыткаў хатніх гаспадарак за кошт патаннення імпартаваных аўтамабіляў. Рэакцыяй на крызіс стане абвал рынка на 80-90 адсоткаў да ўзроўня «залатога» 2008 года.

-- Пры добрым варыянце мы выйдзем да 2014-2015 года на ўзровень спажывання 100 тысячаў аўтамабіляў у год (у 2008 годзе было 200 тысячаў), а пры дрэнным варыянце адстанем на 15 гадоў, -- лічыць Аляксей Бабайцаў. -- Агульны аб'ём недаспажывання ў найбліжэйшыя пяць гадоў можа скласці каля 500 тысячаў аўтамабіляў. Паўмільёна хатніх гаспадарак застануцца без аўтамабіля ці не змогуць яго абнавіць -- гэта значыць, прыкладна 1,25 мільёна грамадзянаў Беларусі пагоршаць якасць свайго жыцця. Сярэднія выдаткі хатніх гаспадарак на набыццё аўтамабіля з ліку тых, хто зможа сабе гэта дазволіць, вырастуць не менш чым у паўтары-два разы. Якасць рынкавай прапановы для большасці спажыўцоў значна пагоршыцца.

Што атрымае дзяржава

На думку аналітыка, верагоднае некаторае скарачэнне паступленняў у бюджэт ад мытных плацяжоў і падатковых збораў, прынамсі, у кароткатэрміновай перспектыве. Гэта значыць, павелічэнне памераў мытных пошлінаў не кампенсуе кратнага падзення ў форме імпарту.

-- Дзяржава вырашыць нейкім чынам (паўмільярды даляраў – гэта ўнёсак у вырашэнне пытання) праблему знешне-гандлёвага сальда за кошт спажыўца, і гэта нейкая магчымасць захаваць працоўныя месцы на некаторых прадпрыемствах за кошт двух мільёнаў беларускіх аўтаўладальнікаў, - лічыць бізнэс-аналітык Аляксей Бабайцаў.

Чатыры варыянты кампенсацыі падзення імпарту аўтамабіляў

Расейская «другаразоўка»

Немалой частцы беларускіх аўтаўладальнікаў проста прыйдзецца «даношваць» аўтамабілі за расейцамі, іншай альтэрнатывы няма. Зразумела, што гэта будуць не тыя машыны, якія бегалі па нямецкіх аўтабанах, яны, натуральна, будуць іншай якасці.

Расейскія зборачныя вытворчасці

Па ацэнках саміх расейцаў, запатрабуецца не менш за 4-5 гадоў, каб расейская зборка змагла насыціць хаця б расейскі рынак. Зборачныя вытворчасці замежных брэндаў у Расеі пакуль могуць насыціць расейскі рынак толькі на 20%. А ў Беларусі пакуль нават не распачаты працэс разгортвання дылерскіх сетак, сэрвісных сетак і гэтак далей. На гэта сыйдзе некалькі гадоў.

АўтаВАЗ

У 2009 годзе, нават увёўшы загараджальныя пошліны, Расея не змагла пераканаць свайго спажыўца купляць айчынную прадукцыю -- больш за палову расейскага рынка належыць імпартаваным аўтамабілям.

Беларусы не хочуць ездзіць на новых расейскіх аўтамабілях. Продаж «Ладаў» і «Волгаў» у нашай краіне складае каля 1%. Доля АўтаВАЗа на беларускім рынку ў выпадку ўвядзення пошлінаў вырасце, але яна не будзе такая, як у Расеі, а кратна ніжэй. Трэба ўлічваць, што ў Расеі пры набыцці ў крэдыт аўтамабіляў, якія вырабляюцца на тэрыторыі краіны, фізічным асобам з бюджэту РФ кампенсуецца крэдытная стаўка.

Беларускія зборачныя вытворчасці

Для наладжвання вытворчасці аўтамабіляў беларускай зборкі ўладам спатрэбіцца не менш за 4-5 гадоў, лічыць Бабайцаў. Нават пры самім удалым збегу абставінаў запатрабуецца не меней за пяць гадоў, каб беларуская зборка змагла заваяваць хаця б 10-20 адсоткаў рынка.

Даведка:

У Менску створаная ініцыятыўная група па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму супраць павелічэнні мытных пошлінаў на ўвазныя аўтамабілі. Групу ўзначаліў намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў. У яе склад увайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, руху «За Свабоду», аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», руху салідарнасці «Разам».

Заяву на рэгістрацыю групы плануецца падаць у Цэнтральную выбарчую камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 25 сакавіка. А пасля рэгістрацыі яе ўдзельнікі маюць намер сабраць не менш за 450 тысячаў подпісаў у падтрымку правядзення рэферэндуму. Пытанне, якое ініцыятары збіраюцца выносіць на рэферэндум, гучыць так: «Ці падтрымліваеце вы захаванне памеру пошліны на ўвоз у Рэспубліку Беларусь легкавых аўтамабіляў імпартнай вытворчасці на ўзроўні 26 лістапада 2009 года?»

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках