28 лiстапада 2024, Чацвер, 3:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Івонка Сурвілла: «Ніякае зло не можа быць вечным»

9

Зварот старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы да беларускага народу з нагоды 92-х угодкаў БНР.

Дарагія Суродзічы-Беларусы!

Ад імя Рады Беларускае Народнае Рэспублікі вітаю Вас зь вялікім нацыянальным сьвятам, Днём Волі, і жадаю Вам правесьці яго зь вераю і надзеяю на лепшую будучыню. Беларускі народ даможацца волі й дэмакратыі, так як дамогся незалежнай дзяржавы. У вольным сьвеце мы ведалі, што ніякае зло ня можа быць вечным. Чыталі Трэцюю Ўстаўную Грамату Рады БНР, якая абвяшчала незалежнасьць Беларускае Народнае Рэспублікі, і верылі, што, калі ў 1918 годзе ў такіх цяжкіх умовах наш народ здолеў выказаць сваё жаданьне быць вольным між вольнымі народамі сьвету, дык ён знойдзе ў сабе сілы ператрываць зьдзек і няволю савецкіх часоў ды адродзіць зноў сваю незалежную дзяржаву.

Сёньня хацела б падзяліцца з Вамі вытрымкай з Трэцяй Устаўной Граматы, якую ўважаю асабліва натхняльнай:

«Цяпер мы‚ Рада Беларускае Народнае Рэспублікі скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці‚ якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край.

Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю вольнаю дзяржаваю. На моцы гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя зьвязі‚ якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь трактат у Берасьці‚ што забівае насьмерць беларускі народ‚ дзелячы зямлю ягоную на часткі»

Дарагія Суродзічы! Памятайма гэтыя словы.

Толькі свая незалежная вольная дзяржава абароніць край ад захопніцкіх замахаў на яго, зь якіх-бы бакоў яны ні йшлі.

Толькі дэмакратычны ўрад здолее забясьпечыць народу мірную вонкавую палітыку. Толькі свая ўлада выратуе ад заняпаду й нішчэньня нацыянальную мову й культуру.

З глыбіні сэрца жадаю Вам вытрываласьці, любові да свайго прыгожага краю, веры ў будучыню й мужнасьці, якая характэрызуе ўсіх вольных духам людзей.

Прыйдзе час, калі наш народ будзе сьвяткаваць сваё Вялікае Сьвята Незалежнасьці й Свабоды ды з гонарам успамінаць продкаў, якія 25 Сакавіка 1918 году скінулі з роднага краю «апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці».

Жыве Беларусь!

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках