Беларускі журналіст - адзін з лепшых блогераў свету
5- 16.03.2010, 10:48
На міжнародным конкурсе блогаў The BOBs у фінал выйшаў блог беларускага журналіста Віктара Малішэўскага.
Ён прэтэндуе на званне лепшага блога на расейскай мове. Конкурс праводзіцца медыякампаніяй Deutsche Welle ужо ў шосты раз, паведамляе «Еўрарадыё».
Як адзначана на сайце конкурсу, «у сваім блогу Малішэўскі трапна і з гумарам каментуе палітычныя рэаліі сучаснай Беларусі, якія нярэдка мяжуюць з абсурдам. Утапічнасць заяваў афіцыйных уладаў ён, у прыватнасці, дэманструе аналізам афіцыйнай жа статыстыкі».
Лепшыя блогі будуць вызначаныя ў адзінаццаці моўных катэгорыях, а таксама ў шасці міжнародных: лепшы блог, лепшы відэаблог, лепшы падкаст, прыз арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», спецыяльны прыз «Праблемы змены клімату» і самы незвычайны блог.
15 сакавіка пачалося анлайн-галасаванне, якое працягнецца да 14 красавіка. У кожнай катэгорыі будуць вызначаныя па два пераможцы: лепшы блог па версіі інтэрнэт-карыстальнікаў (вынікі анлайн-галасавання) і лепшы блог па версіі журы.
Пераможцы The BOBs 2009/10 будуць абвешчаныя 15 красавіка на ўрачыстай цырымоніі.