24 лiстапада 2024, Нядзеля, 8:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вярхоўным судзе выступяць абвінавачваныя па справе Аўтуховіча

Сёння ў Вярхоўным судзе пасля перапынку працягнецца працэс па справе палітвязняў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі.

На паседжанні 10 сакавіка была здаволеная просьба Мікалая Аўтуховіча аб дадатковым вывучэнні матэрыялаў справы. Як паведаміў «Радыё Свабода» адвакат Павал Сапелка, праблема была не толькі ў вывучэнні дакументаў.

«Застаецца пытанне, ці дазволяць нам зрабіць копіі, -- адзначыў Павал Сапелка. -- Вывучаць дакументы далі, але важным было і тое, ці дазволяць зрабіць копіі. Каб можна было дакладна цытаваць на працэсе, каб можна было пракантраляваць, ці не зніклі з матэрыялаў справы пэўныя дакументы або ці не ўнесеныя ў іх праўкі. Пакуль капіяваць яшчэ не дазволілі».

На пытанне, каго са сведак можна будзе пачуць на сённяшнім паседжанні, адвакат паведаміў, што да апытання сведак сёння можа і не дайсці.

«Яшчэ не апытаныя абвінавачваныя, таму пра выклік каго-небудзь са сведак казаць рана. Пракурор дагэтуль не агучыў абвінавачванні. Так што яшчэ працаваць і працаваць. Але ўсё ж ў аўторак будзе цікава, паколькі, відаць, будуць выступаць абвінавачваныя».

Прадстаўнікі грамадскасці збіраюцца прыйсці на працэс у Вярхоўны суд, як і ў першы дзень слуханняў справы. У прыватнасці, пра такія планы паведамілі прадстаўнікі руху ветэранаў Аўганістана Алег Воўчак і Аляксандр Камароўскі. Нагадаем, што Мікалай Аўтуховіч таксама з'яўляецца былым афганцам, мае баявыя ўзнагароды за вайну ў Аўганістане.

Што датычыць прадстаўнікоў СМІ, дык сітуацыя заключаецца ў наступным. На першае паседжанне былі дапушчаныя толькі 20 журналістаў. У асноўным гэта былі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ. А спіс нібыта быў складзены яшчэ ў першай палове 9-га сакавіка, амаль за дзень да працэсу. Калі ў дзень пачатку працэсу журналісты паспрабавалі прайсці ў залу суду як звычайныя грамадзяне па пашпарце, некаторым адмовілі. У прыватнасці, так паступілі з карэспандэнтам «Радыё Свабода».

«У зале можа не хапіць месцаў», - сказаў тады памочнік старшыні суду Аляксандр Рудэнка, які і адказваў за акрэдытацыю. Што будзе сёння, невядома. Але яшчэ 11 сакавіка, на наступны дзень пасля першага судовага дня, Аляксандр Рудэнка заявіў, што ў спіс акрэдытаваных журналістаў новыя прозвішчы ўносіцца не будуць, хаця да аднаўлення працэсу было яшчэ 5 дзён.

Нагадаем, што жыхароў Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенку і Аляксандра Ларына абвінавачваюць у шэрагу злачынстваў, сярод якіх самае сур'ёзнае – падрыхтоўка да тэрарыстычнага акту. Максімальнае пакаранне за гэтае злачынства – пажыццёвае зняволенне ці смяротнае пакаранне. А былога міліцыянта з Гародні Міхаіла Казлова, які калісьці правяраў фірму Аўтуховіча «Ніка-транс» і, згодна са следствам, ведаў пра тое, што рыхтуецца тэракт супраць высокапастаўленых гарадзенскіх чыноўнікаў, абвінавачваюць у тым, што ён не здзейсніў дзеянняў, каб прадухіліць злачынства.

Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі арыштаваныя ў Ваўкавыску 8 лютага 2009 года. Затрыманым было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня 2009 года ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» была ўзбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13). Іх абвінавачваюць у падрыхтоўцы замаху на жыццё вышэйшых службовых асобаў вобласці. Пазней Юры Лявонаў быў вызвалены, з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні.

У студзені 2010 года ўплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» прызнала ваўкавыскіх прадпрымальнікаў палітвязнямі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках