27 снежня 2024, Пятніца, 12:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-5 самых гучных банкрутаў 2009 года

1

Сотні беларускіх прадпрыемстваў былі прызнаныя банкрутамі ў мінулым годзе.

Выданне «Ежедневник», вывучыўшы адпаведныя справаздачы гаспадарчых судоў Менска і абласцей, вылучыла пяць найбольш значных прадпрыемстваў-банкрутаў, якія ў свой час былі вядомыя на ўсю Беларусь і займалі значнае месца ў асобных сегментах рынку. У топ-5 уключаны толькі прадпрыемствы, па якіх у 2009 годзе завершаны ліквідацыйныя вытворчасці.

«Вуадор»

Самае гучнае імя ў гэтым пераліку - сумеснае беларуска-французскае прадпрыемства «Вуадор». СП у 1990-я і ў пачатку 2000-х гадоў кантралявала значную долю алкагольнага рынку краіны, праз пастаўкі сыравіны і збыт прадукцыі сур'ёзна ўплывала на палітыку найбуйнейшага лікёра-гарэлачнага завода краіны - менскага «Крышталя».

Гаспадар бізнэсу, Анатоль Бандарчук, паспрабаваў вывесці некалькі нацыянальных марак на міжнародны рынак. Найбольш вядомыя з іх «Усяслаў Чарадзей» (гарэлка была прадстаўлена нават на адным з узнагароджанняў «Оскара» ў якасці афіцыйнага напою мерапрыемства) і «Марк Шагал».

Ходзяць чуткі, што Бандарчук быў у сяброўскіх стасунках з уплывовым Уладзімірам Канаплёвым. І калі пачаліся непрыемнасці ў апошняга, якія каштавалі яму пасады віцэ-спікера, пайшлі праблемы і ў уладальніка «Вуадора». А. Бандарчук нават быў вымушаны пакінуць краіну.

«Лесдрэўпрам»

Брэнд «Лесдрэўпрам», магчыма, не такі вядомы шырокаму колу нашых чытачоў. Але ў свой час гэтае прадпрыемства было адным з найбуйнейшых аператараў на лясным рынку краіны.

Створаны ў 1994 годзе на базе дзяржаўнага прадпрыемства «Дзяржлеспрам», «Лесдрэўпрам» атрымаў на свой баланс долю ў будынку, дзе размешчаны канцэрн «Беллеспаперапрам», Нова-Свержанскі лесазавод, а потым дамогся і статусу спецэкспарцёра. Акцыянерамі прадпрыемства з'яўляўся працоўны калектыў (44,5% акцый), ЗАТ «Белцяжмаш» (30,5%, адзін з сууладальнікаў - цяперашні дэвелапер Ігар Анішчанка) і Мінэканомікі (25%).

Праблемы ў прадпрыемства ўзніклі ў пачатку 2000-х. Спачатку на частку будынка ў цэнтры Менска паклала сваё вока ўсемагутнае Упраўленне справамі Лукашэнкі і ў выніку канфіскавала яго ў сваю карысць праз суд. Потым ААТ пазбавілася статусу спецэкспарцёра, а ў 2005 годзе ў яго ў судовым парадку канфіскавалі і лесазавод.

«Юкола Аўта»

«Юкола Аўта» - некалі першы і эксклюзіўны прадстаўнік на беларускім рынку «амерыканцаў». У аўтацэнтры кампаніі на вуліцы Кульман прадавалі першыя ў Беларусі Chrysler і Dodge.

Сууладальнікі холдынгу «Юкола» Валерый Шумскі і Артур Зубарык, сыйшоўшы ў нафтавы бізнес у Расеі, паступова распрадалі свае аўтамабільныя актывы ў Беларусі. Па «Юкола Аўта» яны вялі перамовы з галоўным беларускім аўтарыелтарам- «Атлант М». Але, мяркуючы па ўсім, бакі не змаглі дамовіцца.

«Авяікор Інк»

Першай кампаніяй, якая заявіла будаўніцтва і эксплуатацыю першага бізнес-цэнтра класа «А» у Беларусі, было ЗААТ «Авіякор Інк». Яно было створана ў 2001 годзе, пазней з'явіўся і сам аб'ект - цэнтр «Капітал». Аднак потым у кіруючай кампаніі ўзніклі праблемы з плацяжамі ў бюджэт, і вынікам яе праблем стала банкруцтва, што завяршылася ліквідацыяй гэтай юрыдычнай асобы.

«Сфералізінг»

Лізінгавая кампанія «Сфералізінг», якая спыніла сваё існаванне летась, цікавая тым, што яе заснаваў адзін з самых багатых беларускіх бізнесменаў Юрый Чыж. Кампанія была зарэгістраваная ў 2001 годзе і ў цеснай сувязі з «Беларусбанкам» займалася забеспячэннем паставак прамысловага абсталявання.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках