Мядзведзеў ужо павіншаваў Януковіча з перамогай
15- 9.02.2010, 15:08
Прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў павіншаваў лідэра Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча «з поспехам на выбарах прэзідэнта Украіны».
Паводле дадзеных прэс-службы прэзідэнта Расеі, у аўторак адбылася тэлефонная размова Мядзведзева з Януковічам, перадае «Корреспондент.net».
Мядзведзеў павіншаваў Януковіча з завяршэннем выбарчай кампаніі, якая атрымала высокую ацэнку міжнародных назіральнікаў, і поспехам, дасягнутым на выбарах прэзідэнта.
Нагадаем, што ў мінулую нядзелю ва Украіне адбыліся выбары прэзідэнта. Паводле дадзеных ўсіх экзіт-полаў, перамогу атрымаў лідэр Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч.
Паводле дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, пасля апрацоўкі 99,97% пратаколаў участковых выбарчых камісій, за Віктара Януковіча на прэзідэнцкіх выбарах прагаласавалі 48,95% выбаршчыкаў, за Юлію Цімашэнка - 45,47%.
Адзначым, што працэс падвядзення вынікаў другога тура прэзідэнцкіх выбараў павінен завяршыцца на працягу 10 дзён, да 17 лютага. Новы кіраўнік дзяржавы павінен уступіць у пасаду на працягу месяца пасля абвяшчэння вынікаў галасавання.