5 лiстапада 2024, aўторак, 11:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязні Аўтуховіч і Асіпенка ўжо год у турме

2

Сёння ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы пройдзе акцыя салідарнасці з вязнямі сумлення.

8 лютага 2009 года ў Ваўкавыску былі арыштаваныя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. Для арышту прадпрымальнікаў у Ваўкавыск з Менска прыбыў атрад спецпадраздзялення «Алмаз». Затрыманым было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня 2009 года ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13). Іх абвіначваюць у падрыхтоўцы замаху на жыццё вышэйшых службовых асобаў вобласці.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення. У студзені 2010 года ўплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» прызнала ваўкавыскіх прадпрымальнікаў і арыштаванага ўдзельніка «Працэсу 14-ці» Арцёма Дубскага палітвязнямі.

Як нагадвае «Радыё Свабода», сярод тых, хто першым паведаміў у недзяржаўныя СМІ пра арышты, быў праваабаронца Алег Воўчак. Ён уваходзіць разам з Мікалаем Аўтуховічам у адну арганізацыю ветэранаў вайны ў Аўганістане.

«Я ужо цэлы год кажу, што крымінальная справа ўзбуджаная незаконна, падставаў для гэтага не было, -- каментуе арышт ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Алег Воўчак. -- Таксама незаконна трымаюць пад вартай Аўтуховіча і Асіпенку, доказаў рэальных няма і ўжо не будзе, і працэс гэты чыста палітычны. Магчыма, камусьці з афіцыйных асобаў гэта не падабаецца, але мы лічым, што ў гэтай справе ў следства супраць гэтых людзей нічога няма. І факт заключаецца ў тым, што з-за гэтай справы ўжо «знятыя» два адказныя чыноўнікі. Гэта былы міністр унутраных справаў Навумаў і старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Саўчанка, якіх адправілі ў адстаўку. Такім чынам, правільна Аўтуховіч на працягу апошніх 7-8 гадоў казаў, што ў Гарадзенскай вобласці існуе карупцыя вышэйшых службовых асобаў».

У жніўні 2009 года з-пад варты быў вызвалены прадпрымальнік Юры Лявонаў, праз месяц усе абвінавачванні супраць яго цалкам знялі. Калі Лявонаў выйшаў на волю, ён неаднаразова заяўляў, што невінаватасць яго калегі Аўтуховіча стане відавочнай, калі працэс па справе будзе адкрытым.

Па звестках Вярхоўнага суда Беларусі, дата пачатку разгляду справы Аўтуховіча і Асіпенкі яшчэ не прызначаная, як не вызначанае і тое, ці будзе працэс адкрытым ці закрытым. Праваабаронцы не выключаюць, што гэтае рашэнне зацягнецца больш чым на месяц.

Адвакаты Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі кажуць, што іх падабаронныя рыхтуюцца да працэсу. Па словах адваката Тамары Сідарэнкі, яе падабаронны Уладзімір Асіпенка адчувае сябе нармальна, а вось Мікалай Аўтуховіч пакутуе ад хваробы зубоў. Аднак дапамогу стаматолага яму ў турме не забяспечваюць. Пра гэта паведаміў адвакат Павал Сапелка. Паводле апошніх звестак адваката, Аўтуховічу і Асіпенку падоўжылі тэрмін арышту да 28 лютага.

Моладзевыя арганізацыі заклікалі беларусаў выйсці ў гадавіну арышту ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, 8 лютага, у 18.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска, каб запатрабаваць іх вызвалення.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках