Алкаголь будуць прадаваць з 21 года
44- 4.02.2010, 10:21
Забарону на продаж алкагольных напояў асобам маладзешым за 21 год плануецца ўсталяваць у Беларусі.
Гэта прадугледжана законапраектам аб унясенні зменаў у закон «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абарачэння алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту», паведаміў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў.
«Законапраектам аб унясенні зменаў у закон «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абарачэння алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту» мяркуецца падвысіць да 21 года ўзрост, да дасягнення якога будзе забаронены продаж алкагольных напояў фізічным асобам», - распавёў ён.
Як паведамляе БелТА, падвысіць гэты ўзрост да 21 года прапанавалі міністэрствы аховы здароўя, унутраных справаў і «дэпутаты».
«На тое ёсць вельмі сур'ёзныя падставы: статыстыка правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца, паказвае, што дастаткова вялікая колькасць асобаў старэйшых за 18 гадоў ужываюць спіртныя напоі і здзяйсняюць злачынствы менавіта пад уздзеяннем алкаголю. Чалавек, нягледзячы на тое, што ён дасягнуў паўналецця, як правіла, яшчэ не да канца сфармаваўся як асоба, у яго няма цвёрдых жыццёвых пазіцыяў, і часцяком ён падпадае пад ўплыў, у тым ліку і алкагольнай залежнасці. А пытанне здароўя пакалення, якое падрастае - гэта пытанне здароўя нацыі», - адзначыў дырэктар цэнтра.
Ён таксама ўдакладніў, што законапраект плануецца ўнесці на разгляд у «парламент» у траўні бягучага года.