27 лiстапада 2024, Серада, 16:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БХД заклікае прызнаць Алега Сургана вязнем сумлення

Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» звярнуўся з заявай да праваабарончых арганізацыяў свету.

У сваім звароце БХД заклікае міжнародную супольнасць прызнаць віцебскага актывіста апазіцыі 47-гадовага Алега Сургана вязнем сумлення, паведамляе БелаПАН.

У заяве адзначаецца, што 19 лютага суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прысудзіў Сургана да шасці месяцаў арышту за супраціў супрацоўнікам міліцыі і выплаты 2,5 млн. рублёў кампенсацыі маральнай шкоды міліцыянту Сяргею Дудкевічу.

Інцыдэнт, у сувязі з якім прайшоў судовы разгляд, адбыўся 3 верасня 2009 года. Алега Сургана і яго малодшага брата Тараса затрымалі на прыпынку грамадскага транспарта каля Віцебскага медуніверсітэта, на будынку якога ў той момант хтосьці вывесіў бел-чырвона-белы сцяг. У пратаколе, складзеным у Кастрычніцкім РУУС Віцебска, Сургана абвінавацілі ў вывешванні сцяга, аднак пазней гэты пратакол кудысьці знік, а замест яго з'явіўся іншы: нібыта Сурган знаходзіўся ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе, нецэнзурна лаяўся і пры затрыманні ўкусіў міліцыянта за палец.

Сам Сурган сцвярджае, што ў аддзяленні міліцыі да яго ўжываліся катаванні, што было зафіксавана медыцынскім аглядам.

«Відавочна, што Сурган асуджаны не за «супраціў міліцыі», а за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Яго асуджэнне — сваеасаблівае папярэджанне БХД. Рэжым не змяніўся — ён бярэ людзей у закладнікі, і потым «прадае» Еўропе іх вызваленне», — кажацца ў заяве.

Аргкамітэт па стварэнні БХД заклікаў сусветную праваабарончую арганізацыю «Міжнародная амністыя» і іншыя праваабарончыя арганізацыі прызнаць Сургана вязнем сумлення. Акрамя таго, аргкамітэт звярнуўся да беларускай і міжнароднай грамадскасці з просьбай падтрымаць кампаніі па вызваленні іншых зняволеных, якія, на думку праваабаронцаў, арыштаваныя па палітычных матывах: Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі, Арцёма Дубскага, Івана Міхайлава.

Заяву падпісалі сустаршыні аргкамітэта па стварэнні БХД Георгі Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец і Аляксей Шеін.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках