25 снежня 2024, Серада, 19:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Арышты, ператрусы, збіццё - і ўсё гэта за няпоўныя 72 гадзіны ...»

8

Апошнія выхадкі беларускіх уладаў здзіўляюць сваёй знешняй бессэнсоўнасцю.

Ну, скажыце калі ласка, навошта, наводзячы масты з Захадам, адначасова цкаваць у сябе дома незалежную прэсу, разганяць нешматлікія вулічныя акцыі і «кашмарыць» актывістаў грамадскіх арганізацыяў?

Пасля непрацяглага зацішша ўлады, выглядае, пачалі наганяць страчанае. «Дэманстрацыя сілы» вылілася ў:

- разгон шэсця, прысвечанага дню Святога Валянціна;

- суды над актывістамі «Саюза палякаў на Беларусі»;

- затрыманне ўдзельнікаў акцыі салідарнасці 16 лютага;

- ператрус у рэдакцыі «Народнай волі»;

- чарговыя затрыманні актывістаў «Саюза палякаў».

Нічога не забыўся? Усё гэта, між іншым, здарылася за няпоўныя 72 гадзіны. Лібералізацыя на маршы, так бы мовіць.

Пры гэтым ні згаданыя вулічныя акцыі, ні «Саюз палякаў», ні «Народная воля» сур'ёзнай пагрозы для цяперашніх уладаў не ўяўляюць. Ну, прайшлі б дзяўчаты з «Маладога фронту» ў дзень закаханых ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці - і што такога страшнага здарылася б?

Але ж не, трэба было паказаць, хто ў доме гаспадар. Спецназу знайшлі годнага праціўніка ...

Міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў едзе ў Варшаву падпісваць пагадненне аб малым памежным руху. І без усякага вагання сцвярджае там, што беларускія ўлады «не праводзяць рэпрэсіяў у дачыненні да польскай меншасці».

А праз пару дзён актывістаў «Саюза палякаў на Беларусі» адпраўляюць за краты. На шчасце, не на гады, а на суткі. Але зноў жа: навошта?

Ну і да кучы праводзіцца шмон ў «Народнай волі». З нагоды нейкіх зваротаў, кімсьці кудысьці адпраўленых шмат месяцаў таму.

Арышты, ператрусы, збіццё - навошта ўсё гэта?

«Трэба падтрымліваць ўзровень страху, - піша Аляксандр Класкоўскі. - Ліпкі, паскудненькі паўсядзённы страх - гэта як спецыяльныя аксэсуары для «беларускай мадэлі».

Гэта праўда. Але толькі частка праўды. А другая частка заключаецца ў тым, што цяперашнія ўлады Беларусі проста не ўмеюць жыць па-іншаму. І вучыцца не хочуць.

Таму ўсе размовы пра паступовую, «мяккую» трансфармацыю аўтарытарнага рэжыму ў нешта больш-менш прыстойнае - на карысць бедных. Гэты вусень ніколі не ператворыцца ў матылька.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках