27 лiстапада 2024, Серада, 18:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыянт на судзе над апазіцыянерам: «Я замінаў яму біцца галавой аб машыну»

39

Яшчэ супрацоўнік міліцыі заявіў, што не даваў Алегу Сургану - «церціся шчокамі аб падлогу».

Сёння на працэсе ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска адвакат затрыманага за бел-чырвона-белы сцяг актывіста апазіцыі Алега Сургана Вячаслаў Праскаловіч заявіў хадайніцтва аб правядзенні следчага эксперыменту з мэтай высветліць, ці мог ягоны падсудны ўкусіць міліцыянта. Але суддзя хадайніцтва не задаволіў, паведамляе «Радыё Свабода».

На думку суддзі Яўгена Бурунова, эксперымент праводзіць немэтазгодна, бо ў кожнага чалавека свае фізычныя магчымасці. Таму ў аднаго можа атрымацца ўкусіць міліцыянта за палец, лежачы ў машыне тварам уніз, а ў другога - не.

Пацярпелы лейтэнант міліцыі Сяргей Дудкевіч па-ранейшаму сцвярджае, што падсудны Алег Сурган укусіў яго за мезенец левай рукі, калі яго везлі ў Кастрычніцкі РУУС, бо міліцыянт не даваў яму «церціся шчокамі аб падлогу» і «біцца галавой аб дзверы машыны».

Алег Сурган заяўляе, што нікога не кусаў, бо нават не меў магчымасці зрабіць гэта – у кайданках, кінуты ў машыну ўніз тварам. Ён распавядаў таксама, што міліцыянт Сяргей Дудкевіч паставіў ногі на яго шыю і не даваў нават варухнуцца.

Брат падсуднага Тарас Сурган быў выкліканы ў якасці сведкі. Паводле яго словаў, інцыдэнт адбыўся ў Віцебску на праспекце Фрунзэ, дзе браты вывесілі бел-чырвона-белы сцяг. У Тараса Сургана пры сабе быў пашпарт, і яго ў пастарунак не павезлі. Калі ён прыйшоў сам у аддзяленне міліцыі, то ўбачыў брата са збітым у кроў тварам. Той распавёў, што ў машыне яго збілі міліцыянты.

Дачка Алега Сургана, 22-гадовая Кацярына Аляксеева, таксама пацвердзіла, што бацька быў моцна збіты, а міліцыянты адмаўляліся выклікаць «хуткую дапамогу». Зрабілі гэта толькі тады, калі Алег Сурган страціў прытомнасць. Кацярына Аляксеева таксама падкрэсліла, што яе бацька мае спакойны і вельмі стрыманы характар, а таму словы міліцыянтаў пра тое, што ён быў буйным, кідаўся біцца і нецэнзурна выказваўся, лічыць хлуснёй.

Сёння ў калідоры суда Алег Сурган пры сведках заявіў міліцыянту Сяргею Дудкевічу, што лічыць яго не пацярпелым, а злачынцам. Міліцыянт зняў гэта на відэакамэру мабільнага тэлефона. І Тарас Сурган не выключае, што ў якасці помсты Дудкевіч звернецца ў суд зноўку - заявіўшы, што нібыта былі зняважаны ягоныя «гонар, годнасць і дзелавая рэпутацыя».

Інцыдэнт, у сувязі з якім праходзіць судовае разбіральніцтва, адбыўся 3 верасня 2009 года. Алега Сургана і яго малодшага брата Тараса затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту ля Віцебскага медуніверсітэта, на будынку якога ў той момант нехта вывесіў бел-чырвона-белы сцяг. У пратаколе, складзеным у Кастрычніцкім РУУС Віцебска, Алега Сургана абвінавацілі ў вывешваньні сцягу, аднак пазней гэты пратакол некуды знік, а замест яго з'явіўся іншы - нібыта Сурган знаходзіўся ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе, нецэнзурна лаяўся і пры затрыманні ўкусіў міліцыянта за палец.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках