27 лiстапада 2024, Серада, 20:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удзельнікі Матча зорак КХЛ ледзь не трапілі ў авіякатастрофу ў Менску (Фота)

18

Самалёт з зоркамі хакея прызямліўся ў менскім аэрапорце з адключаных рухавіком.

Лепшыя хакейныя гульцы ледзь не трапілі ў авіякатастрофу па дарозе на Матч зорак КХЛ у Менску, паведаміла «Інтэрфаксу» крыніца ў нацыянальным аэрапорце «Менск».

«Удзельнікі зорнага матчу прыляцелі ў сталіцу Беларусі чартэрным рэйсам «Масква - Менск». Перад пасадкай экіпаж самалёта ТУ-204 апавясціў дыспетчараў пра тое, што ўзнікла моцная вібрацыя рухавіка, і адключыў рухавік», - распавяла крыніца. Паводле яе словаў, самалёт здзейсніў пасадку 30 студзеня ў 10.46 па менскім часе на адным рухавіку.

Для перавозкі ўдзельнікаў Матчу зорак КХЛ быў зафрахтаваны самалёт ТУ-204 расейскай авіякампаніі Red Wings («Чырвоныя Крылы»). Як стала вядома, падборам авіякампаніі займалася па замове ХК «Дынама» (Менск) турыстычная кампанія «Кій Авія». Яна і выбрала Red Wings, якая прапанавала, мяркуючы па ўсім, самыя нізкія расцэнкі.

У кампаніі «Белавія» паведамілі, што прапанова выканаць чартарны рэйс паступала і ў беларускіх авіякампаній, аднак замоўшчыкаў не задаволілі фінансавыя ўмовы.

У рамках Матчу зорак КХЛ на лёд выйшлі сусветна вядомыя гульцы Ярамір Ягр, Аляксей Яшын, Аляксей Марозаў, Максім Сушынскі, Марцэл Хоса, Сяргей Фёдараў, Ёзеф Штумпел. У паядынку, у якім камандзе Яшына, складзенай з найлепшых расейскіх гульцоў чэмпіянату КХЛ, супрацьстаяла каманда Ягра, перамогу з лікам 11:8 атрымалі легіянэры чэмпіянату.

Каб хакеісты змаглі пакінуць Беларусь своечасова, за імі ў тэрміновым парадку прыбыў іншы самалёт з Расеі. Спартсмены вылецелі ў Маскву 30 студзеня, у 21.46. Самалёт Ту-204 з няспраўным рухавіком застаецца ў міжнародным аэрапорце «Менск», чакаецца, што для яго рамонту прыбудуць спецыялісты з Расеі, паведаміла крыніца.

Гэта далёка не першы авіяцыйны інцыдэнт з самалётамі кампаніі Red Wings. Як паведамлялася раней, 2 жніўня 2009 года самалёт Ту-204 гэтай авіякампаніі, які рухаўся па маршруце Венецыя - Масква, здзейсніў аварыйную пасадку ў аэрапорце «Менск» таксама з прычыны вібрацыі ў адным з рухавікоў. Яшчэ раней, у красавіку 2009 года, самалёт Ту-204 гэтай жа авіякампаніі, які рухаўся рэйсам з Масквы ў Шарм-Эль-Шэйх, здзейсніў аварыйную пасадку ў Сочы.

Чатыры гады таму ўрад Беларусі разглядаў пытанне аб набыцці пяці лайнераў Ту-204, аднак у ходзе абнаўлення авіяцыйнага парку дзяржаўная авіякампанія «Белавія» зрабіла стаўку на самалёты вытворцаў з далёкага замежжа - Boeing і Bombardier.

Фота: Матч з удзелам зорак КХЛ прайшоў у новым спартыўным комплексе «Менск-Арэна» і з удзелам Аляксандра Лукашэнкі

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках