26 снежня 2024, Чацвер, 21:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: «Калі кошты не зменшацца – трэба змяняць урад»

21

У сувязі з уступленнем Беларусі ў Мытны саюз павінны патаннець бензін, газ і камунальныя паслугі.

Пра тое, калі жыхарам Беларусі варта чакаць першых станоўчых вынікаў ад уступлення краіны ў Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам, ад стварэння адзінай эканамічнай прасторы і бязпошліннага руху тавараў унутры яе, Euramost.org распавёў кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.

Асобныя палажэнні Мытнага саюза ўжо пачалі дзейнічаць. Напрыклад, павелічэнне тарыфных ставак мытных пошлінаў на ўвазныя аўтамабілі. Што яшчэ можна чакаць у хуткім часе?

– У адпаведнасці з рашэннем у Маскве, якое прыняў Сечын, мы можам закупляць нафту па ўнутраных расейскіх коштах. Унутры Расеі гэтая ж нафта, перапрацаваная, у выглядзе бензіну прадаецца па 70 цэнтаў за літр. У нас – па даляры. Такім чынам, калі мы рэалізуем, дык ужо 2 лютага мы можам пад'ехаць на запраўку і заліць бензін па 2 тысячы за літр. Вось і паглядзім: ці зробіць гэта беларускі ўрад, калі ён так любіць свой народ. Другое – у Мытным саюзе мы будзем карыстацца роўнымі тарыфамі на газ. Значыць, і кошты на газ павінны зменшыцца да ўзроўня ўнутрырасейскіх. Я так лічу, што на 15-20% павінны патаннець камунальныя плацяжы для беларусаў. Паглядзім у сакавіку месяцы, колькі з нас будуць браць за ацяпленне. Акрамя таго, Мытны саюз дае магчымасць купляць адзін у аднаго тавары, якія вырабляюцца з мінімальнымі выдаткамі, з мінімальнымі коштамі. Гэта будзе вялікая група тавараў: пачынаючы з вопраткі і абутку, складаныя тэхнічныя тавары. У Расеі, дарэчы, ажыццяўляецца зборка тэлевізараў і халадзільнікаў па замежных ліцэнзіях. Яны танней за нашыя. І калі мы ўбачым, што адсоткаў 40 тавараў у крамах сталі танней, тады кожны спажывец зможа ацаніць выгоды ад гэтага саюза.

Вы сказалі, што нафта і газ у нас будуць па расейскіх коштах, але ўсумніліся, што бензін і камунальныя паслугі патаннеюць. Вы лічыце, што наш народны ўрад на чале з усенародна абраным прэзідэнтам не адкажуць падобным крокам на спадзяванні народа?

– Беларускі ўрад існуе і працуе дзеля народа. Але, не ўбачыўшы 2 лютага зніжэння коштаў на бензін, а ў сакавіку – на камунальныя паслугі, мы зможам вярнуцца да гэтай тэмы. І спытаць у нашага народнага ўрада: «Чаму ў Расеі расейскія крывапіўцы-алігархі прадаюць бензін па 70 цэнтаў, а родны беларускі ўрад прадае нам яго не танней напалову, а даражэй»? Чаму, што гэта за ўрад? Можа, трэба яго змяніць, калі ён працуе так дрэнна? Калі нам даюць такую танную нафту, а грошы гэтыя знікаюць. Значыць, гэта робіцца не для беларускага народа. Калі вы паглядзіце на камунальныя плацяжы і ўбачыце, што там сумы не зніжаныя, умовы ёсць, газ танней ёсць, Мытны саюз ёсць – значыць трэба змяняць урад! І беларусы павінны пра гэта думаць увесь час. Я думаю, што лепшага прыкладу, чым кошты на бензін, наогул прыдумаць складана. Каб пераканацца ў тым, ці не дзейнічае беларускі ўрад супраць свайго народа.

Калі да нас пойдуць тавары з Расеі і Казахстана па коштах ніжэйшых, чым аналагічныя тавары айчынных вытворцаў, дык гэта прывядзе да банкруцтва шмат якіх беларускіх заводаў. А гэта – рост беспрацоўя…

– Вядома! А як вы хацелі? Узгадайце, што адбывалася ў Еўропе. Агульная эканамічная прастора ад Берасця да Уладзівастока са свабодным рухам тавараў – гэта добра. Але ж яна ў нас і да гэтага была! У нас жа Мытны саюз з Расеяй працуе, няма ніякай мяжы і мытні. Але чаму тады ў 2009 годзе продажы нашых тавараў у Расеі зменшыліся роўна ў 2 разы? Столькі гадоў абдымаліся, і дакументы розныя падпісвалі, а потым раптоўна ад продажаў нашых МАЗаў засталося 17%. Расейцы не купляюць 45 вырабленых у Беларусі аўтамабіляў. Ад Уладзівастока да Смаленска не хочуць і не купляюць! Гэтыя праблемы вызначаюцца самім рынкам. І ніякі міністр не зможа загадваць: калі расейцы зробяць ніжэйшыя кошты на халадзільнікі, тэлевізары, чайнікі, ды на што заўгодна, дык беларусы будуць купляць прадукцыю расейскіх заводаў, а свае нам прыйдзецца закрыць. Што ў гэтым дзіўнага?! Тое, што шмат якія беларускія заводы будуць неэфектыўныя і неканкурэнтаздольныя ў з прычыны меншай канцэнтрацыі працы і капіталу, гэта відавочна.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках