27 лiстапада 2024, Серада, 13:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў і Някляеў на плошчы Свабоды: «Да сустрэчы 19 снежня!» (Відэа, фота)

92
Саннікаў і Някляеў на плошчы Свабоды: «Да сустрэчы 19 снежня!» (Відэа, фота)

Кандыдаты ў прэзідэнты заклікалі беларусаў выходзіць на плошчу і ў выпадку фальсіфікацыяў абвяшчаць страйкі.

Перад пачаткам сустрэчы месца правядзення акцыі на плошчы Свабоды спрабавалі заняць будаўнічай тэхнікай і аўтамабілямі. Аднак пасля звароту ў ЦВК, гэтыя дзеянні былі спыненыя.

У 18.00 на сустрэчу з Андрэем Саннікавым і Уладзімірам Някляевым у Менску прыйшлі каля дзвюх тысячаў чалавек.

На плошчы луналі нацыянальныя сцягі, сцягі грамадзянскіх кампаніяў «Еўрапейская Беларусь» і «Гавары праўду!». Тут жа была ўсталяваная сцэна. З дынамікаў гучаў беларускі рок. На плошчу Свабоды прыйшлі вядомыя людзі: першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, лідэры шматлікіх апазіцыйных палітычных партыяў, моладзевых і грамадскіх арганізацыяў.

Вакол плошчы дзяжурылі супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным. Яны назіралі за акцыяй і вялі відэаздымку.

Першым перад тымі, хто сабраўся, выступіў кіраўнік штаба Уладзіміра Някляева Андрэй Дмітрыеў. Ён заявіў, што 19 снежня на Кастрычніцкую плошчу выйдуць дзясяткі тысячаў людзей і заклікаў менчукоў быць салідарнымі і даць жыллё людзям, якія прыедуць у Менск з рэгіёнаў.

Жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, вядомая журналістка Ірына Халіп таксама заклікала ўсіх быць 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы і заявіла, што не трэба баяцца запалохванняў уладаў, «якім засталося кіраваць усяго тры дні».

«16 снежня – гэта Дзень нашай салідарнасці. А 19 снежня стане днём самага вялікага выпрабавання для нас, таму што ў гэты дзень мы павінны будзем адказаць самім сабе і ўсяму свету на пытанне, хто мы, што мы за народ, на што мы здольныя і чаго мы вартыя. Але я веру, што мы здольныя ў гэты дзень выйсці на плошчу і не сыходзіць адтуль да самай перамогі. Мы здольныя знішчыць гэтую паскудную фашысцкую ўладу, якая ўжо ўсім надакучыла. Нам вельмі лёгка быць мужнымі. Нашыя каштоўнасці – любоў да сваёй зямлі, свабода і павага да чалавека. А ў іх ёсць толькі адна каштоўнасць – велізарныя крэслы, у якіх так утульна сябе адчуваюць іх азадкі. Але цяпер ім вельмі няўтульна ў гэтых крэслах, таму што яны ведаюць – гадзіны няўмольна адлічваюць апошнія дні. Засталося ўсяго тры дні да нашай перамогі. Выйдзем на плошчу і пераможам. Жыве Беларусь!», - заявіла Ірына Халіп.

На мітынгу выступілі вядомы рок-музыка Ігар Варашкевіч і бард Зміцер Вайцюшкевіч.

Варашкевіч праспяваў песню «Будзь разам з намі!». Перад выкананнем песні ён заявіў: «Трэба змяняць сітуацыю, таму што далей так жыць нельга».

Вайцюшкевіч спяваў «Я нарадзіўся тут» і крычаў «Час змяняць лысую гуму!».

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў заявіў, выступаючы на плошчы Свабоды, што ў выпадку фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, ён мае намер заклікаць беларусаў да страйкаў.

«Сёння Дзень беларускай салідарнасці. У Беларусі і па ўсім свеце людзі праводзяць акцыі ў падтрымку нашай з вамі барацьбы за свабоду. І мы блізкія да таго, каб перамагчы ў гэтай барацьбе. Уся Беларусь прачнулася. Рэжым Лукашэнкі абрынуўся. Вы самі гэта бачыце. Усё больш людзей збіраецца на акцыі ў падтрымку свабоднай Беларусі, у падтрымку незалежнай Беларусі, у падтрымку новай Беларусі. Лукашэнка спалоханы, ён не можа нічога супрацьпаставіць волі народа, таму ўсё ідзе па старым сцэнары: прымус да датэрміновага галасавання, шантаж, пагрозы, усё рыхтуецца да таго, што ў нас ізноў скрадуць галасы. Але мы не дазволім гэтага зрабіць. Народу патрэбны выбар, а не фальсіфікацыі. Народу патрэбны ўрад, які ён выбірае, а не які яму навязвае які год дыктатура. Народу не патрэбны Лукашэнка – апошні дыктатар Еўропы. Беларусі патрэбная свабода! Еўропе патрэбная свабодная Беларусь, Расеі патрэбная свабодная Беларусь, і мы абаронім гэтую свабоду 19 снежня ў 20.00.

Калі будуць фальсіфікацыі, я заклічу да страйкаў. Хопіць трываць гэтую подлую ўладу. Хопіць здзекавацца з народа, хопіць саромецца таго, хто нас прадстаўляе. Мы маем права жыць у свабоднай краіне. І мы будзем жыць свабодна!», - заявіў Андрэй Саннікаў.

Кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў заявіў, што 19 снежня людзі на плошчы запатрабуюць правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў без Лукашэнкі. Ён падкрэсліў: менавіта гэты заклік можа аб'яднаць усіх беларусаў.

Някляеў сказаў, што плошча мае для беларусаў сакральны змест. Гэта – храм, куды нас кліча вера.

Лідэр «Гавары праўду» таксама заклікаў выбаршчыкаў прыйсці 19 снежня, пасля заканчэння выбараў, на Кастрычніцкую плошчу сталіцы, каб даказаць, што Лукашэнка не карыстаецца ўсеагульнай падтрымкай людзей. «Я прыйду на плошчу, каб даказаць, што цяперашняя ўлада — не ад Бога, а ад д'ябла. Я прыйду на плошчу, каб даказаць усім міжнародным назіральнікам, што выбары былі сфальсіфікаваныя. Плошча — гэта менавіта тая народная ўлада, пра якую запісана ў канстытуцыі, што вярхоўнай уладай у Беларусі з'яўляецца народ», — заявіў кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў.

На мітынгу таксама выступіў каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Сяргей Калякін. Ён заявіў, што Лукашэнка не мае права ўдзельнічаць у гэтых выбарах, паколькі ўсе выбары і рэферэндумы ў Беларусі не былі прызнаныя легітымнымі. Больш за тое, паводле яго словаў, збор подпісаў за дыктатара быў прымусовым, таму яго рэгістрацыя кандыдатам у прэзідэнты таксама незаконная.

Выступіў таксама моладзевы лідэр і давераная асоба Андрэя Саннікава Яўген Афнагель, які заклікаў моладзь не паддавацца на запалохванні, не галасаваць датэрмінова і прыйсці на плошчу 19 снежня.

«Я звяртаюся да маладых людзей, якія выходзілі на плошчу ў верасні 2001 года, якія стаялі на ёй у марозныя дні і ночы ў сакавіку 2006 года, да тых, хто змагаўся за свабоду нават тады, калі ў іншых апускаліся рукі, да тых, хто сваёй непахіснай верай запальваў надзею ў сэрцах суайчыннікаў, да тых, хто памятае пра «Зубр». Надыйшоў час узгадаць словы нашай прысягі, якую мы ўсе разам з вамі прыносілі. Прыйшоў час, калі неабходная нашая адказнасць, вашая мужнасць, ваш гонар і вашая вернасць, вашая дапамога. Два месяцы над горадам луналі нашыя сцягі, і мы перамаглі страх, які дыктатар нагнятаў 16 гадоў. На гэта нам спатрэбіліся два месяцы, і нам спатрэбіцца некалькі дзён плошчы, каб перамагчы дыктатуру. Я ведаю, што на плошчы будуць самыя прыгожыя жанчыны і самыя смелыя мужчыны. Я ведаю, што на плошчы будуць сотні маіх братоў-«зуброў». І я ведаю, што разам мы пераможам і сустрэнем Новы гол у той Беларусі, пра якую мы марылі ўсе гэтыя гады. У свабоднай еўрапейскай Беларусі. Памятаеце, што гісторыя робіцца сёння, і гісторыю робім мы. І разам мы пераможам!», - заявіў моладзевы лідэр.

На заканчэнне мітынгу Саннікаў і Някляеў са сцэны патэлефанавалі сваім сябрам і знаёмым, каб запрасіць іх на Кастрычніцкую плошчу 19 снежня, і заклікалі ўсіх прысутных зрабіць таксама самае. Удзельнікі акцыі перанялі іх прыклад.

Напісаць каментар 92

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках