27 лiстапада 2024, Серада, 19:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Статкевіч звярнуўся да сілавікоў: «На плошчу выйдуць вашыя сябры і сваякі» (Відэа)

71

«Вас хочуць зрабіць крайнімі», - заявіў кандыдат у прэзідэнты.

«Я звяртаюся да вас не як кандыдат у прэзідэнты, а як афіцэр, як падпалкоўнік запасу, які добра разумее вашую сітуацыю», — заявіў Кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч напачатку свайго відэазвароту, які быў перададзены БелаПАН.

«Улада рыхтуецца ўцягнуць вас у свае небяспечныя гульні, зрабіць саўдзельнікамі сваіх злачынстваў. Адзін чалавек спрабуе пераканаць вас, што ён галоўнакамандуючы, што ён прэзідэнт, і мае права аддаваць любыя загады. Гэта не так. Гэтае права ён страціў у 1999 годзе (афіцыйны тэрмін заканчэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, без уліку вынікаў рэферэндуму 1996 года, калі адлік прэзідэнцкіх тэрмінаў пачаўся наноў. — БелаПАН.), а потым, пайшоўшы на выбары, сфальсіфікаваў іх. Ён зараз — былы галоўнакамандуючы і былы прэзідэнт», — заявіў Статкевіч.

Статкевіч звярнуўся да афіцэраў сілавых структураў з заклікам узгадаць, што ў 1999 годзе былі «выкрадзеныя, закатаваныя і забітыя Віктар Ганчар, Юры Захаранка».

«Афіцэры і салдаты, якія выканалі гэты злачынны загад, — яны апынуліся крайнімі. Хтосьці з іх схаваны на 20 гадоў у турму. Хтосьці знік, напэўна, назаўжды. Хтосьці спрабуе хадзіць сярод нас з аховай. Але гэта ахова не ад нас — гэта ахова ад тых, хто даваў яму каманду забіваць сведак. Вы не думайце, што ўлада ў чымсьці арыгінальная. У нас у краіне адпачывае былы прэзідэнт Бакіеў. Ён таксама аддаў каманду вайскоўцам страляць, і яны стралялі. Яны выканалі загад, і яны думалі, што яны дзейнічаюць па статуце. А зараз іх судзілі. Засудзілі, і вельмі жорстка пакаралі. А ён тут, адпачывае. Ці вось яшчэ прыклад: суседняя Польшча. Спецназ атрымлівае загад страляць у шахцёраў. І ён гэты загад выконвае. І нядаўна іх судзілі — праз 20 з чымсьці гадоў. Яны таксама жорстка пакараныя. Дагэтуль у Чылі сядзяць 500 афіцэраў за тое, што яны выконвалі загады Піначэта. Пераварот у Чылі, я нагадваю, здарыўся ў 1973 годзе. Піначэт памёр у цёплай пасцелі. А яны дагэтуль сядзяць», — падкрэсліў Статкевіч.

«Часам дастаткова, каб захаваць гонар і вернасць прысязе, проста выконваць законы. Напрыклад, датэрміновае галасаванне. Сяржанты і афіцэры міліцыі ахоўваюць скрыні. На вашых вачах будзе здзяйсняцца злачынства. Гэта ўжо было ў 2008 годзе. Але з шасці з паловай тысячаў участкаў, і адпаведнай колькасці сяржантаў і афіцэраў міліцыі, толькі адзін падпалкоўнік знайшоўся, падпалкоўнік Казлоў, які паступіў па законе: спрабаваў дакласці пра злачынства. Зрабіце тое ж самае! У рэшце рэшт, зафіксуйце факт злачынства і асобаў, якія яго здзяйснялі», — заклікаў Статкевіч.

«І, нарэшце, 19 снежня, тысячы грамадзянаў Беларусі, вашых суседзяў, знаёмых, можа быць нават сяброў, выйдуць на плошчы ў Менску. Калі яны даведаюцца, што выбары зноў сфальсіфікаваныя, яны будуць пратэставаць. А ўлада зноў зачыніцца вамі. Падумайце, у якой сітуацыі вы можаце апынуцца. Захаваеце свой гонар. Не дайце ўцягнуць вас у злачынствы. Служыце, як вы прысягаліся, Канстытуцыі і народу», — заявіў Статкевіч.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках