24 лiстапада 2024, Нядзеля, 2:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка прапанаваў некаторым апазіцыянерам пасады ва ўрадзе

148

Дыктатар заявіў, што Беларусь «знаходзіцца паміж двума монстрамі».

У чацвер у інтэрв'ю французскай «Фігаро», кажучы пра магчымасць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі апазіцыі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Я - прэзідэнт краіны, і прадстаўляю сёння ўвесь народ. І калі нейкаму грамадзяніну ці групе людзей, ці нейкай партыі зручна і хочацца супрацоўнічаць з дзеючай уладай, у тым ліку і з прэзідэнтам, дык калі ласка», - адзначыў ён. Паводле яго словаў, «апазіцыянеры - гэта грамадзяне нашай краіны». «Калі яны хочуць і гатовыя дзейнічаць у абазначаным ключы, у плане той палітыкі, якая сёння праводзіцца ў Беларусі, і яны здольныя па сваіх магчымасцях працаваць на нейкай пасадзе – калі ласка», - цытуе кіраўніка «Інтэрфакс-Захад».

Пры гэтым, кажучы пра найбольш моцных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева, дыктатар заявіў, што яны атрымліваюць фінансавую дапамогу з Расеі.

«Гэта так, мы гэта ведаем, у нас ёсць факты. Някляеў, Саннікаў - гэта людзі, якія сёння фінансуюцца Расеяй», - адзначыў Лукашэнка.

Каментуючы выказванні некаторых кандыдатаў пра ілюзорнасць выбарчага працэсу, які праходзіць у краіне, ён сказаў: «Калі прэзідэнцкая кампанія для іх ілюзія, дык у іх ёсць права не прымаць удзелу ў гэтай ілюзіі». «А калі яны сапраўдныя палітыкі, дык трэба браць адказнасць на сябе і змагацца за гэтую пасаду», - сказаў ён.

Лукашэнка заявіў, што ў яго атрымалася паслухаць перадвыбарчыя выступы некаторых кандыдатаў. «Столькі злосці, колькі зыходзіць сёння ад іх, прывядзе толькі да таго, што яны запалохаюць людзей, і яны дамогуцца таго, што людзі наогул за іх галасаваць не будуць», - адзначыў ён. Паводле яго словаў, «трэба ісці на выбары з дабром і народу прапаноўваць дабро, а праблемаў у нашым жыцці, як і ў французаў, звышдастаткова. Таму выліваць вось гэту злосць на народ з экрана - гэта не беларускі варыянт», - заявіў дыктатар.

Кажучы пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі Лукашэнка адзначыў, што «складанасць заключаецца ў тым, што мы знаходзімся паміж гэтымі двума монстрамі - Еўрапейскім звязам і Расеяй, у якіх ёсць свае інтарэсы на тэрыторыі Беларусі». «Мы згодныя з тым, што ў вас (ЕЗ - ІФ) і ў Расеі ёсць свае інтарэсы на нашай зямлі. Але мы заўсёды просім і патрабуем ад нашых партнёраў, каб яны ўлічвалі інтарэсы беларускага народа, каб яны разумелі, што тут існуе дзяржава», - заявіў кіраўнік.

Лукашэнка заявіў, што расчараваны стаўленнем Еўрапейскага звяза да Беларусі і часам не разумее, чаго ЕЗ хоча ад беларускай дзяржавы.

«Мы больш, чым расчараваныя. Мы часам наогул не разумеем, чаго хоча Еўрапейскі звяз», - адзначыў ён.

«Мы робім усё, каб у нас былі нармальныя стасункі з нашым заходнім суседам. Усе нашыя ініцыятывы накіраваныя на ўсталяванне добрых стасункаў з Еўрапейскім звязам», - сказаў беларускі кіраўнік. «Чаму Еўразвяз такім чынам рэагуе на нашыя ініцыятывы - гэта пытанне да іх, а не да нас», - дадаў Лукашэнка.

Кіраўнік не лічыць актуальным пытанне ўступлення Беларусі ў ЕЗ. «Калі вы маеце на ўвазе ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі звяз, дык падобную праблему ў Беларусі нават не вывучалі. Для гэтага не было ніякіх аб'ектыўных прычынаў», - заявіў Лукашэнка.

«Палітыка Еўрапейскага звяза накіраваная на тое, каб нас увесь час трымаць у напружанні і ставіць перад намі ўмовы, а то і падштурхоўваць нас да дзеянняў, да якіх мы, мякка кажучы, не гатовыя з аб'ектыўных прычынаў - гэта палітыка ніколі не знойдзе ў нас паразумення», - сказаў дыктатар.

Таму, паводле яго словаў, «Еўразвяз павінен гэта ўлічваць, гэта аксіёма». «Думаю, што калі б французскаму прэзідэнту Сарказі задалі такое пытанне і Францыя была б у такім становішчы як Беларусь, дык ён адказаў бы дакладна так», - адзначыў дыктатар.

Кажучы пра стасункі з Расеяй, беларускі кіраўнік заявіў, што ў Расеі ёсць свае інтарэсы ў Беларусі - «ваенна-палітычныя, стратэгічныя інтарэсы». «Але Расея дапускае тыя ж памылкі, што Еўрапейскі звяз. Трэба ўлічваць рэаліі, трэба ўлічваць, што ёсць беларуская дзяржава і беларускі народ. І для любога прэзідэнта, хто б тут не быў, гэта святое - абараняць гэтыя інтарэсы», - заявіў ён.

Напісаць каментар 148

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках