28 лiстапада 2024, Чацвер, 6:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежныя прафсаюзы: Беларусь стаіць на парозе тэхнагеннай катастрофы

19

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў выступіў з заявай у сувязі з выбухам на фабрыцы «Пінскдрэў» і гібеллю 14 чалавек.

25 кастрычніка на ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» адбыўся выбух. Ён пацягнуў за сабой гібель 14 чалавек. Гэты журботны спіс яшчэ можа папоўніцца: у бальніцах Менска, Берасця і Пінска з цяжкімі апёкамі і траўмамі знаходзяцца дзясяткі чалавек, гаворыцца ў звароце БКДП.

І далей заяўляецца:

«Згуба на вытворчасці нават аднаго чалавека - надзвычайнае здарэнне. Гібель чатырнаццаці чалавек - трагедыя нацыянальнага маштабу. Любая палітычна і сацыяльна адказная ўлада рэагуе на яе хутка і аператыўна. Рэагуе адміністрацыйна, высвятляючы прычыны грубага парушэння правілаў бяспекі працы, рэагуе палітычна, накіроўваючыся неадкладна да месца трагедыі і абвяшчаючы жалобу. Нарэшце, рэагуе чалавечы, выказваючы такое зразумелае ў гэтым выпадку чалавечае перажыванне і спачуванне пацярпелым і іх сем'ям, аказваючы ім адэкватную панесеным стратам матэрыяльную дапамогу.

Нічога гэтага Беларусь так і не дачакалася. Цэлы тыдзень улада займалася чым заўгодна: адсылала віншаванні з нагоды разнастайных юбілеяў, інспектавала рэгіёны, адчыняла спартовыя комплексы ў Берасці, па злой іроніі лёсу зусім недалёка ад месца трагедыі. На застылы ў горы Пінск часу і спачування не хапіла.

Мы не лічым гэтую трагедыю выпадковым збегам акалічнасцяў. Ажыццяўляючы пастаянны маніторынг вытворчасцей, умоваў бяспекі працы на іх, мы сёння маем усе падставы заявіць - Беларусь стаіць на парозе тэхнагеннай катастрофы. Узровень зношанасці асноўных фондаў, абсталявання на многіх прадпрыемствах дасягнуў крытычнага ўзроўню.

Дрэнна не толькі тое, што вытворчасць не мадэрнізуецца. Горш за ўсё, што многія кіраўнікі прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў цісках камандна-адміністрацыйнай сістэмы, вымушаныя грэбаваць элементарнымі ўмовамі бяспекі працы. Чым гэта ўсё абярнулася на ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў», мы сёння бачым. Застаецца гадаць, хто будзе наступным на чарзе.

Беларуская ўлада паслядоўна ішла да пінскай трагедыі. Яна магла б пазбегнуць яе, калі б лёс працоўнага чалавека, яго жыццё, стаяла на першым месцы не ў выглядзе дэкларацыі, а ў якасці першачарговага і сапраўднага прыярытэту. Яна магла б захаваць жыцці чатырнаццаці чалавек, калі б не падпарадкавала сабе і не ператварыла ў кішэнны прыдатак Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). Яе маўчанне сёння - знішчальны прысуд, які вынеслі самі сабе прафбосы, якія здрадзілі інтарэсам і правам працоўных. У тым ліку і праву на бяспечныя ўмовы працы, праву на жыццё.

Страшную цану сёння вымушаныя заплаціць беларускія працоўныя, каб усвядоміць, што ў іх не засталося выбару. Ці заставацца закладнікамі выбудаванай ў краіне сістэмы палітычных, сацыяльных і працоўных адносінаў, што падрыхтавала ім долю рабоў, пакорлівай масы, расходнага чалавечага матэрыялу, ці аб'ядноўвацца для адстойвання сваіх правоў, у тым ліку права на бяспечныя ўмовы працы.

Ад імя 10 тысячаў сябраў незалежных прафсаюзаў краіны выказваем шчырыя спачуванні сем'ям і блізкім загінулых. Мы заклікаем усіх беларускіх працоўных, усіх працоўных краіны: далучайцеся да нас, стварайце і ўступайце ў шэрагі незалежных прафсаюзаў! Пакуль не позна, пакуль у якім-небудзь кутку Беларусі зноў не прагрымяць выбухі, якія забяруць жыцці нашых родных і блізкіх, давайце аб'ядноўвацца! У адзінстве наша сіла!».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках