27 лiстапада 2024, Серада, 23:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбары, якія абудзяць Беларусь

14
Выбары, якія абудзяць Беларусь

Краіну ўскалыхнула нечаканая навіна. У перадвыбарчым спаборніцтве вызначыўся лідэр. Усё той жа, штатны.

Некалькі дзён спатрэбілася ягонай ініцыятыўнай групе, каб сабраць сто тысяч галасоў у падтрымку вылучэнца. Ён яшчэ недзе пад турэцкім сонцам грэўся, а кіраўнік ягонай выбарчай каманды паспяшаўся далажыць: высокую планку адолелі з зайздроснай лёгкасцю.

Аднак для іх і гэта не мяжа. Падпісныя лісты здаваць не панеслі. Не таму, што прынцыповыя арбітры могуць нешта там адсеяць. Няхай толькі паспрабуюць! Проста прэтэндэнт на чацверты кіроўны тэрмін ужо абвесціў свету і краіне, што ягоная патэнцыйная падтрымка – дзве траціны выбарцаў. І гэтую заяву руплівая каманда пад кіраўніцтвам міністра адукацыі павінна ідэалагічна абгрунтаваць. Забяспечыць галасамі. І пераканаць электарат, ад каго тут насамрэч залежыць выбар.

Іншыя кандыдаты пакуль што набіраюць толькі каля траціны неабходных подпісаў. Кожны, хто гэтым займаўся, ведае, якая гэта працаёмістая працэдура - падрыхтоўка да рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты. І па пад’ездах трэба пахадзіць. І ў размовах паўдзельнічаць. І людскія скаргі выслухаць. Ды яшчэ на вуліцы памерзнуць шмат гадзін і дзён. А тут – усё проста. Толькі свіснуў, і ўжо сто тысяч. Не паспела краіна апамятацца ад сенсацыйнай весткі, а тут ужо новы рэкорд – ажно шэсцьсот тысяч! І няма небяспекі таго, што прынцыповы Цэнтрвыбаркам знойдзе нейкія хібы і самага беззаганнага з кандыдатаў не зарэгіструе. Ёсць небяспека іншая. Можна так захапіцца нечаканым поспехам, што ў выніку лічба галасоў у падтрымку перавысіць колькасць наяўнага насельніцтва краіны. Энтузіязм, асабліва чынавенскі, межаў не ведае.

Як ствараецца найноўшая казка пра белага бычка, ужо шмат распавядалі незалежныя журналісты. Тое, што вычмурае ў перадвыбарчай кампаніі паслухмяная вертыкаль, выглядае фантасмагорыяй. Дакладней, бессаромнай дэманстрацыяй чынавенскага нахабства і цынізму. Яны ўпэўненыя, што і гэтым разам застануцца беспакаранымі. І самы дробны кручок спяшаецца выслужыцца. У Пінску галоўны ўрач адной з медычных устаноў сабрала падначаленых і загадала паставіць подпісы за правадыра. Пашпартоў не трэба – нумары возьмуць у кадравіка. У Наваполацку гарвыканкам проста разаслаў па прадпрыемствах разнарадкі па колькасці галасоў у падтрымку адзінаабранага. А чаго тут хавацца? І гэта не праявы самадурства, а звычайная паўсядзённая практыка.

У акадэмічным Інстытуце мовазнаўства супрацоўнікам было загадана падысці да сакратара і паставіць подпіс. Вядома, за каго. Тут варыянтаў быць не можа. Тое ж і ў дачыненнях са студэнтамі. Там справу даручылі дэканам. Методыка даўно апрабаваная. Найбольш рашучыя пагражаюць блізкай сесіяй. А хісткія выпрошваюць спагады ў студэнтаў – нават іх, дэканаў, могуць за непаслухмянасць пагнаць у каршэнь. Такая вось усенародная падтрымка.

Але ж дзіўная рэч гэтая неверагодная кампанія па падрыхтоўцы крэсла на чацверты тэрмін. Патрэбныя подпісы забяспечваюць усе – ад міністра да вахцёра інтэрната. Дырэктары прадпрыемстваў увогуле адрынулі ўсялякія там хітрыкі. І без лішніх слоў папярэджваюць падначаленых: адмаўляючыся ад подпісу, можна застацца без прэміі, а то і ўвогуле без працы. Такая напруга па ўсёй вертыкалі, а ў выніку – толькі вартыя жалю шэсцьсот тысяч. А ў якой жа бульбе схаваліся заяўленыя галоўным вылучэнцам дзве траціны абвешчаных правіцелем прыхільнікаў?

У сваім неадольным парыве да чарговай элегантнай перамогі нязменная ўлада дапусціла памылачку, якая ёй можа вылезці бокам. Не стамляючыся паўтараць, асабліва для будучых назіральнікаў з-за мяжы, што тут для ўсіх кандыдатаў умовы роўныя, яны неабачліва вывелі на вуліцы пікеты ў падтрымку і свайго, незаменнага. Мала таго, дык яшчэ легкадумна паставілі іх побач з канкурэнтамі. Эфект атрымаўся неверагодны. Людзі на свае вочы бачаць, як здае пазіцыі рэжым. Даўні міт пра ягоную непахіснасць рассыпаецца і чэзне.

Немагчыма было больш выразна прадэманстраваць свету і краіне, хто насамрэч карыстаецца тут падтрымкаю народа. Дыктатура – банкрут. Гэтыя першыя перадвыбарчыя дні яскрава пра тое сведчаць. І лічбы, якія падручныя паспяшаліся абвесціць, высвецілі яшчэ болей маштаб хлусні. Гэта не поспех, а поўны правал. Катастрофа. Пасля такой відавочнай паразы кожны адказны палітык паспяшаўся б сысці і развітацца з пустымі амбіцыямі. Ды толькі не тут.

А то як жа – сто тысяч прыхільнікаў! Агаломшыць сенсацыяй электаракт. Але тое ўсё вывозіла да мэты ў мінулым. Калі за спіной стаяла не толькі вертыкаль, але і куды больш значныя рэзервы. А цяпер – сцэнар зусім іншы. Кароль голы. І ніякімі сенсацыйнымі лічбамі тое не схаваць. Можна абвесціць хоць дваццаць мільёнаў подпісаў у падтрымку. Але хто ж паверыць, калі ўсе бачылі, колькі іх у рэальнасц. І застаецца ў запасе хіба што апошні варыянт. Уехаць у чацверты тэрмін на плячах амапаўцаў ды іншых абаронцаў вертыкалі. Але і тут не ўсё так гладка, як было раней.

Вуліца пачала ўжо вырашаць лёс краіны. Народная ініцыятыва. Задоўга да Плошчы. Людзям абрыдла гэта прымітыўная, сварлівая ўлада. Варта паглядзець, хто сёння падыходзіць да пікетаў афіцыйных. І якія людзі безупыпынна скіроўваюцца да тых, хто прапануе краіне іншы выбар. У тых чэргах спрачаюцца. Думаюць. Шукаюць іншы лёс. Для себе. Для сваіх дзяцей. Для сваёй краіны. Іх многа. Яны ўжо адолелі даўні страх перад дзікай уладай. І ў маўклівы натоўп прыгонных іх ужо ніхто ніколі не загоніць.

Час не той. Людзі іншыя. І ў мінулае вярнуцца немагчыма.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках