Расейскія эксперты: Час баек і фантазій Лукашэнкі скончыўся
15- 18.10.2010, 14:32
Адмова прэм'ер-міністра Расеі знізіць кошты на газ для Беларусі каментуюць эксперты.
Нягледзячы на тое, што Менск у сваім імкненні дамагчыся ад Расеі дысконту па нафтагазавых плацяжах у апошні час значна знізіў градус рыторыкі, ён да гэтага часу не пакідае спробаў атрымаць прэферэнцыі. Пры гэтым пазіцыя расейскага боку, якую ў чарговы раз публічна пацвердзіў Уладзімір Пуцін, застаецца нязменнай.
Паводле словаў расейскага прэм'ера, кошты на газ для Беларусі ў 2011 годзе павінны адпавядаць раней падпісанаму кантракту, паведамляе РІА «Новости». Так Уладзімір Пуцін адрэагаваў на нядаўняе выступленне намесніка міністра эканомікі Беларусі Анатоля Філонава, які заявіў, што спадзяецца на зніжэнне коштаў. Пры гэтым беларускі чыноўнік не ўдакладніў, на якую менавіта зніжку разлічвае Менск.
Вядома толькі, што ў гэтым годзе «Газпром» пастаўляе ў Беларусь газ па цане $184 за 1000 кубаметраў. Пры гэтым, у адпаведнасці з ранейшымі дамоўленасцямі, у наступным годзе яны павінны былі падняцца да $220 (праўда, беларускія ўлады, якія гатовыя адчайна біцца са сваім саюзнікам за кожны даляр, настойваюць, што гаворка ідзе толькі пра $210). Варта нагадаць, што ў любым выпадку гэтая эксклюзіўная для Беларусі формула цаны мяркуе ўжыванне спецыяльнага зніжкавага каэфіцыента да сярэдняга кошту газу для еўрапейскіх краін. Аднак беларускае кіраўніцтва на правах стратэгічнага партнёра не гатовае здавольвацца простай зніжкай і патрабуе ад Масквы прадаваць газ па ўнутрырасейскіх цэнах. У сваю чаргу, расейскія ўлады паказваюць на тое, што такі падыход можа быць рэалізаваны толькі ва ўмовах роўнапрыбытковасці паставак газу на знешні і ўнутраны рынкі. Да таго часу, пакуль гэта не адбудзецца, Беларусь павінна будзе плаціць за газ больш за расейскіх спажыўцоў.
Расейска-беларускія рознагалоссі ў энергетычнай сферы каментуе KM.ru генеральны дырэктар Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Канстанцін Сіманаў:
- Пазіцыя Беларусі па пытанні аб фарміраванні кошту пастаўкі расейскіх энерганосьбітаў даўно і добра вядомая. Згодна з ёй, Расея нібыта абавязваецца пастаўляць газ Менску па ўнутрырасейскіх коштах, хоць у рэчаіснасці такога пагаднення не існуе. І гэта ўсё - не больш чым байка, якая актыўна культывуецца Лукашэнкам і шэрагам яго прыхільнікаў у Расеі. Гэтую пазіцыю часта можна сустрэць і ў расейскіх СМІ: паколькі беларусы - нашыя браты, значыць, яны павінны плаціць столькі ж, колькі і мы.
На самай справе ёсць пэўная дамоўленасць, паводле якой Беларусь павінна паступова выйсці на прынцып роўнапрыбытковасці паставак у Еўропу, пры гэтым у дачыненні да яе дзейнічае цэлы шэраг агаворак. Па-першае, пра тое, што Беларусь не будзе плаціць 30%-ю пошліну, што цалкам адпавядае прынцыпам «саюзнай дзяржавы» (хоць я яе лічу хутчэй міфічнай, чым рэальнай): Расея першапачаткова адмовілася спаганяць з Беларусі 30%-ю пошліну. Нагадаю, што з Украінай на гэты конт былі цэлыя баталіі, якія ў выніку выліліся ў Харкаўскія пагадненні. Мы зараз не бярэм пошліну з Украіны, за што атрымалі шэраг саступак. Тым не менш, формула цэнаўтварэння для Украіны - больш жорсткая, таму што кошт бярэцца не па нямецкім, а па італьянскім рынку нафтапрадуктаў, які з'яўляецца адным з найбольш дарагіх у Еўропе.
Такім чынам, атрымліваецца, што Беларусь мае зніжку ў 30%; да таго ж варта ўлічваць вылік за дастаўку ад Беларусі да Еўропы. Так што агульны дысконт складае 35-40%, што з'яўляецца ўжо істотным. Нагадаю, што дадаткова да ўсіх гэтых дысконтаў Беларусь мела зніжку ў 30%, потым - 20%, а потым, у гэтым годзе, - 10% да еўрапейскага кошту. Так што газ ёй абыходзіцца прыкладна на 45% танней, чым Еўропе. У наступным годзе гэтай 10%-й зніжкі не будзе, але пра гэта было ўжо даўно вядома і агаворана.
А абяцання неадкладна перайсці на прынцып роўнапрыбытковасці ў Расеі і Беларусі з нашага боку ніколі не было. Гэта - чарговыя фантазіі Лукашэнкі, у той час як пазіцыя Расеі досыць паслядоўная і несупярэчлівая. Так, мы знаходзімся ў адзіным Мытным саюзе, але ж Беларусь і не плаціць экспартныя пошліны на нашы энерганосьбіты - 30% ад кошту. Калі кіраўнік Беларусі гаворыць пра тое, што Менск павінен плаціць за нашую нафту і газ столькі ж, колькі і расейскія спажыўцы, - гэта дзіўна. Гэта ўсё роўна, што сказаць: раз мы знаходзімся ў адзіным Мытным саюзе, то смятана ў Маскве павінна каштаваць столькі ж, колькі і ў Менску. Мытны саюз не азначае, што ўнутры яго цэны на аднолькавыя тавары з'яўляюцца аднолькавымі. Ён толькі азначае, што аднолькавыя тавары ў двухбаковым гандлі не абкладаюцца пошлінамі, а далей ужо ідзе пытанне ўнутранага цэнаўтварэння. Хай тады беларускія ўлады прадаюць прадукты харчавання ў маскоўскіх крамах па такіх жа коштах, як і ў Менску...