Царкву «Новае жыццё» аштрафавалі на 263 мільёны рублёў
12- 4.01.2010, 16:39
Штраф на пратэстантаў накладзены менскімі ўладамі нібы за забруджванне навакольнага асяроддзя.
Менскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аштрафаваў царкву «Новае жыццё» Рэлігійнага аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь на 262 млн. 798 тыс. 725 руб., паведаміў БелаПАН юрыст царквы Сяргей Луканін.
Паводле яго словаў, штраф накладзены нібы за забруджванне навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з артыкулам 15.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Прычым чыноўнікі папярэдзілі абшчыну, што ў выпадку нявыплаты штрафу пададуць пазоў у Гаспадарчы суд Менску аб прымусовым спагнанні гэтай сумы, сказаў Луканін. Акрамя таго, паводле яго словаў, супрацоўнікі камітэта маюць намер дадаткова аштрафаваць абшчыну пры адсутнасці дазволу на здыманне верхняга ўрадлівага слоя глебы на тэрыторыі царквы.
Як адзначыў юрыст, у першай палове снежня 2009 года на пад'ездах да аўтамабільнай стаянкі ля царквы супрацоўнікі камітэта бралі пробы грунта на ўтрыманне нафтапрадуктаў. «Аднак чыноўнікі ніяк не маглі растлумачыць, чаму на гэтым жа месцы яны раней не даследавалі грунт на ўтрыманне нафтапрадуктаў», - сказаў Луканін. Паводле яго словаў, да 2004 года ў раёне пад'ездаў і аўтастаянкі каля царквы знаходзілася несанкцыянаваная звалка старых аўтамабіляў, якую вернікі ліквідавалі сваімі сіламі.
Луканін расцэньвае дзеяньні камітэта «як чарговую спробу ўладаў знайсці новыя сродкі і метады для ціску на царкву, каб прымусіць яе спыніць сваю дзейнасць».
У канцы 2009 года абшчына апратэставала рашэнне Вышэйшага гаспадарчага суда ад 13 студзеня 2009 года, які не задаволіў пазовы «Новага жыцця»: аб прызнанні пазапраўным рашэнне Менгарвыканкама ад 17 жніўня 2005 года аб пазбаўленні абшчыны зямлі і будынка царквы па вул. Кавалёва, 72; аб перапрафіляванні будынка кароўніка ў культавы і змене мэтавага прызначэння зямельнага ўчастка, а таксама аб спагнанні з Менгарвыканкама шкоды, панесенай царквой. З 5 па 28 кастрычніка 2006 прыхаджане праводзілі галадоўку ў абарону царквы, якая выклікала шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі і за мяжой.
22 жніўня 2009 года сталічныя ўлады ўручылі прадстаўнікам суполкі акт прыёмкі-перадачы будынка царквы, які вернікі адмовіліся падпісаць. З 24 жніўня яны вядуць у храме бестэрміновае кругласуткавае малітоўнае дзяжурства.
7 кастрычніка 2009 года Гаспадарчы суд горада Менска прыняў рашэнне выселіць царкву з будынка па Кавалёва, 72, а 8 снежня гэтая пастанова ўступіла ў сілу.