27 лiстапада 2024, Серада, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міклашэвіч не бачыць парушэнняў ва ўзмацненні паўнамоцтваў КДБ, МУС і ДФР

6

Старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч разлічвае, што ў будучыні ў Беларусі санкцыі на арышт падазраванага будуць даваць суды.

«Канстытуцыйны суд разлічвае, што ў Беларусі ў будучыні будзе прынята заканадаўства, у адпаведнасці з якім санкцыі на арышт будуць выдавацца судом», - паведаміў на прэс-канферэнцыі Міклашэвіч. Пры гэтым ён адзначыў, што Канстытуцыйны суд правяраў законы аб тым, што праваахоўныя органы ў асобных выпадках маюць права на праслухоўванне без санкцыі пракуратуры, і не пабачыў тут прамой супярэчнасці нормам Канстытуцыі, перадае «Интерфакс».

Дадзенае заканадаўства, паводле старшыні КС, было прынята ў мэтах узмацнення бяспекі і барацьбы са злачыннасцю. Пры гэтым ён паведаміў, што ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам, санкцыю на арышт могуць даваць кіраўнікі МУС, КДБ, ДФР КДК. Пры гэтым П.Міклашэвіч адзначыў, што ў перспектыве ў Беларусі павінна быць прынята заканадаўства, у адпаведнасці з якім санкцыянаваць працэсуальнае дзеянне, у тым ліку - арышты падазраваных, павінны суды.

Як ужо паведамляў сайт charter97.org, з ініцыятывай надзяліць міністра МУС, старшыню КДБ і кіраўніка Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) правам «ажыццяўляць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, выкарыстоўваць меры стрымання і выконваць асобныя працэсуальныя дзеянні згодна з матываванай пастановай» у жніўні 2009 года выступіў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі кіраўнік выказаў упэўненасць, што «кіраўнікі такога высокага рангу» не менш кампетэнтныя за пракурора, які дае санкцыю.

На думку беларускіх праваабаронцаў, гэтая ініцыятыва беларускага дыктатара адсылае да сталінскіх «трояк», калі санкцыі на арышт у дасудовым парадку выдаваў кіраўнік мясцовага НКУС, сакратар абкама і пракурор. Усё гэта рабілася для разгрому «антысавецкіх элементаў».

Як адзначаюць праваабаронцы, надаванне кіраўнікам МУС, КДБ і ДФР дадатковых паўнамоцтваў можа прывесці Беларусь да сітуацыі 1937 года і да яшчэ большага ўзмацнення бескантрольнасці выканаўчай улады на чале з Лукашэнкам. У крытычны момант улады змогуць ладзіць палітычныя «чысткі» і займацца барацьбой з іншадумствам.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках