26 снежня 2024, Чацвер, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Правакацыі супраць Звяза палякаў працягваюцца (Фота)

56
Правакацыі супраць Звяза палякаў працягваюцца (Фота)

Людзей, якія ехалі 21 студзеня падтрымаць кіраўнічку Дома польскага ў Івянцы і не даць уладам адабраць будынак, арыштоўвалі. Увечары у доме адключылі святло.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміў вядомы журналіст, актывіст непрызнанага ўладамі Звяза палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут. Паводле яго словаў, раніцай 21 студзеня ў Івянец (Менская вобласць) выехалі больш за 100 актывістаў ЗПБ з розных рэгіёнаў краіны. Іх аўтамабілі сталі затрымліваць на пастах ДАІ, правяраць дакументы, абшукваць машыны. Спачатку паведамлялася, што былі затрыманыя 33 чалавекі – 9 чалавек у горадзе Шчучын, яшчэ чацвёра ў вёсцы Пяршаі Валожынскага раёна, за 19 кіламетраў ад Івянца, і 20 - у горадзе Валожын.

Пазней колькасць затрыманых у Валожынскім РАУСе павялічылася да 43 чалавек. У людзей правяралі пашпарты, дапытвалі кіроўцаў, але прычынаў затрымання не тлумачылі. Таксама па дарозе ў Івянец быў затрыманы журналіст "Радыё Свабода" Сяргей Астраўцоў. Яму забаранілі ўязджаць у горад, загадаўшы вяртацца назад ў Гародню.

«Машыны спынялі практычна на ўсіх пастах. Відавочна аднекуль была «уцечка», і супрацоўнікі ДАІ ведалі нумары аўтамабіляў, на якіх едуць актывісты Звяза палякаў», - паведаміў Анджэй Пачобут.

У 17.00 журналіст паведаміў сайту charter97.org, што пасля ўмяшання консула Польшчы з Валожынскага РАУС вызвалілі затрыманых актывістаў ЗПБ.

Каля самога Дома польскага ў Івянцы на працягу ўсяго дня дзяжурылі міліцыянты і асобы ў цывільным. У 17.00 у Івянцы пачаўся сход мясцовага аддзялення Звяза палякаў, які застаўся верным арганізацыі на чале з Анжалікай Борыс, што ня мае рэгістрацыі і не прызнаецца ўладамі.

На яго прыйшлі 154 жыхары Івянца — чальцы звяза, а таксама прыехалі з Гародні і з іншых гарадоў 130 актывістаў польскага руху. Удзельнікі сходу выказалі падтрымку Тэрэзе Собаль, якая ўзначальвае мясцовае аддзяленне арганізацыі Звяза палякаў і Дом польскі, і заявілі, што па-ранейшаму прызнаюць яе сваёй кіраўнічкай.

Справа ў тым, што напярэдадні валожынская раённая газета паведаміла, што Собаль выключаная са Звяза. Незадаволенасць уладаў выклікае той факт, што Івянецкае аддзяленне не падпарадкоўваецца праўладнаму Звязу палякаў на чале са Станіславам Сямашкам. Сёння ён з'явіўся ў мясцовым Доме польскім, калі рыхтаваўся сход, але размовы з прысутнымі ў яго не атрымалася.

На ноч у будынку Дома польскага ў Івянцы засталіся некалькі чалавек. «Мы адсюль нікуды не выходзім і не выйдзем. Калі толькі нас адсюль вынесуць на руках», - сказаў Пачобут.

Увечары ў доме адключылі электрычнасць. Актывісты ЗПБ упэўненыя, што гэта правакацыя – ва ўсіх суседніх будынках святло ёсць.

Ля Дома польскага працягваюць дзяжурыць машыны з міліцыянтамі.

«Адбываецца чарговае абвастрэнне, узмацняецца ціск на Звяз палякаў. Пачалося гэта два месяца таму. Спачатку з'явіліся паклёпніцкія публікацыі ў «Советской Белоруссии», якія сталі сігналам: пачаліся масавыя праверкі падатковымі органамі актывістаў ЗПБ, у міліцыі і пракуратуры былі дапытаныя больш за 120 настаўнікаў польскай мовы, іх пыталіся пра сувязі са Звязам палякаў, ці атрымлівалі яны падтрымку з Польшчы. Узбуджаная крымінальная справа супраць Тэрэзы Собаль. Такім чынам яе спрабуюць прымусіць сысці з пасады кіраўніка Дома польскага. Да гэтага былі канфлікты ў Барысаве, Гародні, Баранавічах, але зараз Івянец – самае гарачае месца», -- пракаментаваў тое, што адбываецца, Анджэй Пачобут.

Нагадаем, што пасля ўзбуджэння крымінальнай справы супраць кіраўнічкі Дома польскага ў Івянцы (Менская вобласць) Тэрэзы Собаль праўладны Саюз палякаў абвесціў пра правядзенне 21 студзеня схода Івянецкай арганізацыі ЗПБ і выбары новага кіраўніцтва Дома польскага.

Актывістку непрызнанага ўладамі Звяза палякаў Тэрэзу Собаль абвінавачваюць у злоўжыванні, якое нібыта заключаецца ў тым, што ў 2004 годзе па загадзе тагачаснага кіраўніка Звяза палякаў Тадэвуша Кручкоўскага Дом польскі ў Івянцы атрымаў матэрыяльную дапамогу. Нягледзячы на тое, што тэрмін даўнасці ўжо мінуў, крымінальная справа ў дачыненні да Тэрэзы Собаль была ўзбуджаная.

Звяз палякаў Беларусі лічыць паводзіны ўладаў правакацыяй і збіраецца адстойваць Дом польскі ў Івянцы.

Нагадаем, што Звяз палякаў Беларусі быў «расколаты» пры дапамозе беларускіх уладаў некалькі гадоў таму. Падкантрольная ўладам частка арганізацыі з'яўляецца афіцыйна прызнанай. ЗПБ на чале з Анжалікай Борыс, які падтрымліваецца ўрадам Польшчы, церпіць ў Беларусі ганенні.

У той жа час улады Польшчы неаднаразова заяўлялі, што адной з умоваў нармалізацыі беларуска-польскіх стасункаў з'яўляецца прызнанне ўладамі Беларусі Звяза палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

Фота - «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках