27 снежня 2024, Пятніца, 8:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналісту «Gazety Wyborczej» Анджэю Пачобуту пагражаюць

2

Вядомаму журналісту, актывісту непрызнанага ўладамі Звяза палякаў у Беларусі Анджэю Пачобуту 20 студзеня патэлефанаваў незнаёмы мужчына.

Як паведамляе «Радыё Рацыя», па тэлефоне мужчына пагражаў Анджэю Пачобуту і яго сям'і сур'ёзнымі наступствамі, калі ён не спыніць сваю грамадскую дзейнасць і не з'едзе з Дома польскага ў Івянцы.

«Патэлефанаваў мужчына каля 18:00. Ён спытаў, размаўляючы са мной мовай ультыматумаў, ці добра я ўладкаваўся ў Івянцы. Я пачаў з ім эмацыйна размаўляць, сказаў, што гэта КДБ і мяне не запалохаць. Я звярнуся ў пракуратуру, таму што лічу, што гэтыя пагрозы звязаныя з маёй грамадскай дзейнасцю. І прычыны звязаныя менавіта з тым, што адбываецца ў Івянцы», -- заявіў журналіст.

Нагадаем, што пасля ўзбуджэння крымінальнай справы супраць кіраўніка Дома польскага ў Івянцы (Менская вобласць) Тэрэзы Собаль улады абвесцілі сход Івянецкай арганізацыі Звяза палякаў і выбары новага кіраўніцтва Дома польскага, якія пройдуць 21 студзеня.

Актывістку непрызнанага ўладамі Звяза палякаў Тэрэзу Собаль абвінавачваюць у злоўжыванні, якое нібыта заключаецца ў тым, што ў 2004 годзе па загадзе тагачаснага кіраўніка Звяза палякаў Тадэвуша Кручкоўскага Дом польскі ў Івянцы атрымаў матэрыяльную дапамогу. Нягледзячы на тое, што тэрмін даўнасці ўжо мінуў, крымінальная справа ў дачыненні да Тэрэзы Собаль была ўзбуджаная.

Звяз палякаў Беларусі лічыць паводзіны ўладаў правакацыяй і збіраецца адстойваць Дом польскі ў Івянцы. У сувязі з гэтым некаторыя актывісты звяза зачыніліся ў Доме польскім і чакаюць штурму.

Анджэй Пачобут адзначае, што палякі ў Івянцы ніколі не займаліся палітычнай дзейнасцю, а дзеянні ўладаў на запалохванне актывістаў ён звязвае з мэтанакіраванай акцыяй супраць польскай меншасці ў Беларусі.

«Улады і праўладны саюз палякаў хочуць забраць Дом польскі ў Івянцы», -- перакананы Пачобут.

Нагадаем, што Звяз палякаў Беларусі быў «расколаты» пры дапамозе беларускіх уладаў некалькі гадоў таму. Падкантрольная ўладам частка арганізацыі з'яўляецца афіцыйна прызнанай. ЗПБ на чале з Анжалікай Борыс, які падтрымліваецца ўрадам Польшчы, церпіць ў Беларусі ганенні.

З-за Звяза палякаў у беларускіх уладаў складаныя стасункі з афіцыйнай Варшавай. У пачатку беларуска-польскага канфлікту, у 2005 годзе, Аляксандр Лукашэнка абвінавачваў Польшчу ў тым, што праз гэты Звяз яна «промывает мазгі» беларускім палякам.

«Беларускія палякі не хочуць жыць у Польшчы. Мы не дазволім з нашых грамадзянаў рабіць нейкіх марыянетак», - заяўляў тады Лукашэнка. Канфлікт у 2005 годзе суправаджаўся ўзаемным высыланнем дыпламатаў.

У той жа час улады Польшчы неаднаразова заяўлялі, што адной з умоваў нармалізацыі беларуска-польскіх стасункаў з'яўляецца прызнанне ўладамі Беларусі Звяза палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках