24 лiстапада 2024, Нядзеля, 9:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Human Rights Watch»: Аўтуховіч, Лявонаў, Асіпенка, Дубскі – палітвязні

13
«Human Rights Watch»: Аўтуховіч, Лявонаў, Асіпенка, Дубскі – палітвязні

Уплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» прызнала з'яўленне ў Беларусі новых палітвязняў.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch», чый офіс размешчаны ў Нью-Ёрку, апублікавала штогадовую, ужо дваццатую справаздачу аб стане захавання правоў чалавека ў свеце, перадае «Радыё Свабода».

Сярод іншых парушэнняў правоў чалавека, якія адбываліся ў свеце, уплывовая міжнародная арганізацыя канстатуе, што ў Беларусі з'явіліся новыя палітвязні.

Цяперашняя справаздача адрозніваецца тым, што яна фіксуе большую, чым звычайна, колькасць атакаў супраць праваабаронцаў і праваабарончых арганізацыяў у шмат якіх краінах свету, уключаючы Іран, Бірму, Кітай, і некаторыя краіны былога СССР.

Як паведамляе праваабарончая арганізацыя, у 2009 годзе забівалі праваабаронцаў у Расеі, Шры-Ланцы, Кеніі, Бурундзі і Аўганістане.

У некаторых краінах рэжымы настолькі рэпрэсіўныя, што праваабаронцы не могуць у іх наогул дзейнічаць. Да ліку такіх краінаў адносяцца Эрытрэя, Паўночная Карэя і Туркменістан.

У цяжкіх умовах працуюць праваабаронцы ў Кітаі, Судане, Іране, Калумбіі, Венесуэле, Нікарагуа, Конга, Эфіёпіі, Егіпце, Ізраілі, Азербайджане.

Адносна Беларусі справаздача «Human Rights Watch» адзначае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека за апошні год.

Справаздача кажа пра чатырох новых палітычных вязняў у Беларусі ў 2009 годзе. Гэта ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Юры Лявонаў, а таксама арыштаваны ўдзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі. Таксама ў справаздачы «Human Rights Watch» згадваецца разгон некалькіх дэманстрацыяў і адмовы рэгістрацыяў двух недзяржаўных арганізацыяў («Наша Вясна», Беларускі асамблея няўрадавых арганізацыяў) і трох газетаў («Новая газета Бабруйска», «Наша правінцыя», «Магілёўскі час») з-за неабгрунтаваных прычынаў.

Адзначым, што прызнаваць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў палітвязнямі дагэтуль катэгарычна адмаўляюцца старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак і лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Яны лічаць, што людзі, якія ўжо год утрымліваюцца ў следчым ізалятары, могуць быць прызнаныя (ці не прызнаныя) такімі толькі пасля лукашэнкаўскага суду над імі.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, Арцём Дубскі 7 ліпеня 2009 года быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

8 лютага 2009 года ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні. Аўтуховіч і Асіпенка працягваюць знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 Менска.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках