27 снежня 2024, Пятніца, 8:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дом польскі ў Івянцы чакае штурму

Улады ладзяць правакацыі супраць Звяза палякаў і спрабуюць паставіць на кіруючыя пасады паслухмяных чыноўнікаў.

Пасля ўзбуджэння крымінальнай справы супраць кіраўніка Дома польскага ў Івянцы (Менская вобласць) Тэрэзы Собаль улады абвесцілі сход Івянецкай арганізацыі Звяза палякаў і выбары новага кіраўніцтва Дома польскага.

Актывістку непрызнанага ўладамі Звяза палякаў Тэрэзу Собаль абвінавачваюць у злоўжыванні, якое нібыта заключаецца ў тым, што ў 2004 годзе па загадзе тагачаснага кіраўніка Звяза палякаў Тадэвуша Кручкоўскага Дом польскі ў Івянцы атрымаў матэрыяльную дапамогу. Нягледзячы на тое, што тэрмін даўнасці ўжо мінуў, крымінальная справа ў дачыненні да Тэрэзы Собаль была ўзбуджаная.

Пасля ўзбуджэння крымінальнай справы Тэрэзу Собаль рашэннем праўладнага саюза палякаў выключылі з арганізацыі. Як паведамляе «Беларускі партызан», паралельна ўлады абклеілі ўвесь Івянец аб'явамі, што 21 студзеня ў 17:00 у Доме польскім адбудзецца сход Івянецкай арганізацыі і выбары.

21 студзеня ў Івянец таксама мае намер прыехаць усё кіраўніцтва непрызнанага Звяза палякаў на чале з Анжалікай Борыс для таго, каб падтрымаць Тэрэзу Собаль.

Актывісты незалежнага Звяза палякаў упэўненыя, што ўлады збіраюцца канчаткова «вырашыць праблему» з Домам польскім у Івянцы, пасадзіўшы на чале паслухмяных чыноўнікаў.

«Сітуацыя вакол Звяза палякаў сур'ёзна абвастрылася, -- заяўляе актывіст Звяза Палякаў, журналіст Анджэй Пачобут. -- У 2005 годзе кропку ў падобнай гісторыі паставіў гарадзенскі АМАП, які штурмам узяў сядзібу ЗПБ і ўвёў туды падпарадкаванае ўладам «кіраўніцтва». У сувязі з гэтым часова прыйшлося змяняць месцажыхарствы - з ўчорашняга дня я ў Івянцы. Жыву ў Доме Польскім, разам з некалькімі чальцамі ЗПБ. Чакаем штурму…»

Нагадаем, што Звяз палякаў Беларусі быў «расколаты» пры дапамозе беларускіх уладаў некалькі гадоў таму. Падкантрольная ўладам частка арганізацыі з'яўляецца афіцыйна прызнанай. ЗПБ на чале з Анжалікай Борыс, які падтрымліваецца ўрадам Польшчы, церпіць ў Беларусі ганенні.

З-за Звяза палякаў у беларускіх уладаў складаныя стасункі з афіцыйнай Варшавай. У пачатку беларуска-польскага канфлікту, у 2005 годзе, Аляксандр Лукашэнка абвіначваў Польшчу ў тым, што праз гэты Звяз яна «прамывае мазгі» беларускім палякам.

«Беларускія палякі не хочуць жыць у Польшчы. Мы не дазволім з нашых грамадзянаў рабіць нейкіх марыянетак», - заяўляў тады Лукашэнка. Канфлікт у 2005 годзе суправаджаўся ўзаемным высыланнем дыпламатаў.

У той жа час улады Польшчы неаднаразова заяўлялі, што адной з умоваў нармалізацыі беларуска-польскіх стасункаў з'яўляецца прызнанне ўладамі Беларусі Звяза палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках