26 снежня 2024, Чацвер, 22:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белнафтахім»: Сёння нафта з Расеі паступае на беларускія НПЗ

5

Апошні раўнд беларуска-расейскіх перамоваў па ўмовах пастаўкі ў Беларусь нафты ў 2010 годзе адбыўся ў Маскве 9 студзеня і скончыўся безвынікова.

Прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Марына Касцючэнка паведаміла БелаПАН, што расейская нафта працягвае паступаць на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.

«Нафта паступае. На сёння сітуацыя не змянілася», - паведаміла Марына Касцючэнка.

У канцы мінулага тыдня ў «Белнафтахіме» заяўлялі, што вядзецца праца па заключэнні кантрактаў на пастаўку нафты з расейскімі кампаніямі. Аднак на пытанне, колькі новых кантрактаў падпісана і на які тэрмін, прэс-сакратар адказваць адмовілася, патлумачыўшы, што гэтая інфармацыя з'яўляецца камерцыйнай тайнай.

Новая дата перамоваў па нафце паміж Расеяй і Беларуссю па-ранейшаму невядомая.

13 студзеня Аляксандр Лукашэнка накіраваў Дзмітрыю Мядзведзеву ліст, у якім выклаў пазіцыю беларускага боку адносна ўмоваў паставак нафты. Кіраўнік Беларусі нагадаў свайму расейскаму калегу, што «яшчэ 10 снежня 2009 года ў часе паседжання Вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі прэзідэнтамі дзвюх краін была дасягнута дамоўленасць, што на працягу першых двух-трох месяцаў 2010 года нафта будзе пастаўляцца ў Беларусь бяспошлінна, і за гэты час бакі ўзгоадняць умовы далейшай пастаўкі нафты». «Аднак пасля Расейская Федэрацыя фактычна адмовілася ад выпрацаваных дамоўленасцяў і выставіла непрымальныя для Беларусі ўмовы», - падкрэсліў Лукашэнка.

15 студзеня стала вядома пра ліст, які віцэ-прэм'ер РФ Ігар Сечын накіраваў першаму віцэ-прэм'еру Беларусі Уладзіміру Сямашку. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у лісце пазначана на неабходнасць абавязковага ўзгаднення з расейскім бокам механізму тарыфнага рэгулявання пры транспартоўцы расейскай нафты па сістэме беларускіх магістральных нафтаправодаў. У адваротным выпадку расейскі бок можа пазбавіць Беларусь квот на бяспошлінную пастаўку нафты. У лісце падкрэсліваецца, што рашэнне Расеі аб бяспошлінных пастаўках у Беларусь у 2010 годзе 6,3 млн. тон нафты з'яўляецца «жэстам добрай волі», і калі такія ўмовы беларускі бок не задавальняюць, Расея гатовая перайсці на рынкавыя ўмовы паставак.

У Савеце міністраў Беларусі інфармацыю аб лісце каментаваць не сталі.

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі і Расеі таксама не каментуюць інфармацыю аб тым, што Федэральная мытная служба Расеі распарадзілася спаганяць 100% экспартнай пошліны пры пастаўках у Беларусь не толькі нафты, але і нафтапрадуктаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках