27 лiстапада 2024, Серада, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Сурган: «Міліцыянты глядзелі, як я задыхаюся, і смяяліся»

67

Збіты апазіцыянер распавёў, як з яго здзекваліся ў Кастрычніцкім РУУС Віцебска.

Увечары 3 верасня ў Віцебску былі вывешаныя тры бел-чырвона-белыя сцягі: на мосце Кірава, на плошчы Свабоды і каля медыцынскага універсітэта. Побач з універсітэтам, на прыпынку грамадскага транспарта, супрацоўнікі міліцыі затрымалі апазіцыйнага актывіста Алега Сургана і абвінавацілі яго ў вывешванні сцягоў. У пастарунку апазіцыянера жорстка збілі.

Пра падзеі, якія адбыліся ў Віцебску 3 верасня, у інтэрв’ю сайту www.charter97.org распавёў Алег Сурган і ягоны брат, актывіст «Маладой Беларусі» Тарас Сурган.

«Я сідзеў з братам на прыпынку, насупраць якога быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг, -- узгадвае Тарас Сурган. – Пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі, сцяг знялі. Пасля машына павярнулася і пад’ехала да нас. Супрацоўнікі міліцыі пачалі цікавіцца, ці не бачылі мы, хто вывешваў сцяг, пасля папрасілі паказаць дакументы. У мяне пры сабе быў пашпарт, а ў брата – не было. Тады старэйшы лейтэнант звязаўся па рацыі з намеснікам начальніка Кастрычніцкага раёна РУУС Каліноўскім. Я чуў, як Каліноўскі сказаў: «Забірайце абодвух». Старлей адказаў, што ён не можа мяне забраць, бо я паказаў дакументы, і ў яго няма для гэтага падставаў. Каліноўскі сказаў: «Тады забірай брата». Раней супраць майго брата ўжо ладзіліся правакацыі, таму мы баяліся, што яму могуць падкінуць наркотыкі ці гаманец. Я пачаў клікаць сведак. Пад’ехала другая міліцэйская машына. Брат папрасіў запісаць у пратакол вопіс яго асабістых рэчаў. Супрацоўнікі міліцыі заявілі, што ў іх няма паперы. Алег лёг на зямлю і сказаў, што ў такім разе ён нікуды не паедзе. Яго схапілі, апранулі кайданкі і запіхнулі ў машыну».

Тарас Сурган узгадвае, што, калі ён прыехаў у пастарунак, у брата была разбітая галава, ён сцякаў крывёй.

«Я прыехаў у РУУС праз 20 хвілін. У Алега была разбітая галава, ён сядзеў увесь у крыві. Я выклікаў «хуткую». Але яна дзве гадзіны не магла прыехаць, -- заяўляе Тарас Сурган. – У «хуткай» папрасілі перадаць слухаўку дзяжурнаму, каб той пацвердзіў выклік. А дзяжурны да слухаўкі не падыходзіў. У брата астма, я спрабаваў перадаць яму інгалятар, але супрацоўнікі РУУС не далі гэтага зрабіць».

Алега Сургана прывезлі ў абласны віцебскі шпіталь прыблізна а 22:00. Медыкі знялі пабоі. Зафіксавалі ўшыбы галавы і рук. Праз гадзіну актывіста даставілі назад у пастарунак, у якім пратрымалі да раніцы. Па словах Алега Сургана, перашпачаткова складзены пратакол аб вывешванні бел-чырвона-белага сцяга проста знік. Зато з’явіліся новыя пратаколы. Зараз Сургана абвінавацілі ў тым, што ён нібы знаходзіўся ў грамадскім месцы ў нецвярозым выглядзе і «нецэнзурна лаяўся», а таксама абражаў супрацоўнікаў міліцыі. 4 верасня каля 5 гадзіны раніцы Алега Сургана адвезлі ў ІЧУ.

Сайт www.charter97.org звязаўся з Алегам Сурганам, калі яго даставілі ў суд Кастрычніцкага раёна Віцебска. Актывіст апазіцыі распавёў пра тое, як яго катавалі супрацоўнікі міліцыі.

«На мяне апранулі кайданкі і закінулі ў машыну, -- узгадвае падзеі ўчорашняга вечара Алег Сурган. – Я ляжаў на падлозе, а супрацоўнікі міліцыі білі мяне нагамі. У райаддзеле міліцыі закінулі рукі за спіну і падвесілі на кайданках за пас да кратаў. Я стаяў на дыбачках, рукі зацяклі. Пасля білі галавой аб унітаз, абражалі, заціскалі галаву нагамі, прыгалі нагамі ў мяне на галаве. Мяне збівалі чатыры чалавекі. Яны глядзелі, як я задыхаюся, і смяяліся».

4 верасня суд над актывістам апазіцыі не адбыўся. Алег Сурган выступіў з хадайніцтвам аб прадстаўленні адваката, прыцягнення Тараса Сургана, супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі яго, і намесніка начальніка Кастрычніцкага РУУС Каліноўскага ў якасці сведак. Таксама Сурган выступіў з хадайніцтвам аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія катавалі яго.

Суддзя Кастрычніцкага раёна Віцебска Казімава перанесла слуханне на 9 верасня. Судовае паседжанне пачнецца ў 15:00.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках