24 снежня 2024, aўторак, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянеру забаранілі пратэставаць супраць абыякавасці чыноўнікаў

73-гадовы Павал Казлоў падаў заяўку ў гарвыканкам на пікетаванне, каб прыцягнуць увагу жыхароў Берасця да праблемы бяздушнага стаўлення чыноўнікаў да зваротаў грамадзянаў, а таксама парушэнняў з іх боку заканадаўства.

Падставай для публічнага выражэння свайго меркавання паслужылі 50 накіраваных Казловым зваротаў у розныя інстанцыі аб неправамерным, на яго погляд, рашэнні Міністэрства юстыцыі, на падставе якога ён у 2007 годзе быў пазбаўлены ліцэнзіі на правядзенне аўтатэхнічных экспертызаў (ацэнка транспартных сродкаў). Прычынай пазбаўлення паслужыла тое, што Казлоў два разы аказаў аднаму з судоў Берасця экспертную паслугу, не пазначаную ў ліцэнзіі. Пры гэтым заканадаўствам прадугледжваецца, што суд сваім пастанаўленнем можа прыцягваць да такіх працаў на разавай аснове грамадзянаў без ліцэнзіі, якія маюць спецыяльныя веды.

Усе яго звароты, лічыць Казлоў, па сутнасці не разглядаліся чыноўнікамі, а перанакіроўваліся ў іншыя арганізацыі. У канчатковым выніку яны траплялі для разгляду ў орган, які пазбавіў яго ліцэнзіі.

Пенсіянеру было адмоўлена ў арганізацыі пікету на той падставе, што паводле заяўкі акцыю планавалася правесці не ў месцы, вызначаным для такіх мерапрыемстваў, якім з'яўляецца стадыён «Лакаматыў».

«Выказваць пратэст на гэтым стадыёне бессэнсоўна. Ён за глухім бетонным плотам, людзей там практычна няма», — адзначыў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.

Павал Казлоў мае намер абскардзіць адмову ў судзе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках