24 снежня 2024, aўторак, 4:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: «Па факце прызнання фальсіфікацыі выбараў пракуратура абавязаная ўзбудзіць справу»

16

Эксперты адзначаюць, што следчыя органы Беларусі абавязаныя правесці поўнамаштабнае расследаванне па факце заяў Лукашэнкі.

У інтэрв'ю, апублікаваным у газеце «Известия», Лукашэнка прызнаўся, што «мы фальсіфікавалі выбары. ... Я аддаў каманду, каб не 93% было, а дзесьці там 80, я не памятаю, колькі». Прычым, гэта было не першае падобнае прызнанне Лукашэнкі: тое ж ён заявіў і ў лістападзе 2006 года ў Менску на прэс-канферэнцыі для ўкраінскіх журналістаў. Юрыдычныя аспекты дадзенага правапарушэння Euramost.org абмеркаваў з вядомым юрыстам, праваабаронцам Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйлам.

-Наколькі сур'ёзным злачынствам з'яўляецца фальсіфікацыя вынікаў выбараў?

--Гэтае вельмі сур'ёзнае злачынства. Таму, што яно замахваецца на фундаментальныя правы грамадзян па ўдзеле ў справах дзяржавы, абранні прадстаўнікоў улады шляхам выбараў – у заканадаўчыя органы, прэзідэнта, мясцовыя саветы. Зараз мы займаемся вельмі сур'ёзна справай фальсіфікацыі выбараў у Смалявічскім раёне, літаральна ўчора былі там. Спрабуем дамагчыся таго, каб пракуратура правяла расследаванне. Таму, што там выяўленыя факты грубай фальсіфікацыі. У іх там нават адна памерлая жанчына прагаласавала.

--Якое пакаранне прадугледжана за дадзенае злачынства?

-- Прадугледжана нават пазбаўленне волі да 3 год. Гэтае злачынства адносіцца да менш цяжкіх. І яно змешчана ў Кодэксе ў главе «Парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзян».

--Як у адпаведнасці з законам абавязаныя паступаць праваахоўныя органы, калі чыноўнік прызнаецца ў фальсіфікацыі вынікаў выбараў?

--Абавязкова павінны ўзбудзіць крымінальную справу, правесці поўнамаштабнае расследаванне. Таму, што шматлікія пытанні, якія неабходна высветліць, можна ў якасці доказаў «заслупаваць» толькі па выніках правядзення следства, а не па выніках нейкіх праверак. Калі былі малаважныя парушэнні заканадаўства, што не паўплывалі на вынікі выбараў, можна правесці праверку ў адміністрацыйным парадку. У нас прыклады, калі людзей з складу камісій прыцягвалі да адміністрацыйных пакаранняў. А вось каб крымінальную справу ўзбудзілі – такога ў апошнія 10-15 год не было. Хоць увесь час мы кажам пра фальсіфікацыю выбараў.

--Калі чалавек афіцыйна, у сродках масавай інфармацыі, заяўляе, што ён датычны да фальсіфікацыі вынікаў выбараў, ці павінны адрэагаваць праваахоўныя органы?

--Абавязкова. Супраць гэтага чалавека могуць і не ўзбудзіць крымінальную справу непасрэдна. Можа, ён быў асобай залежнай, шэраговым сябрам камісіі, на яго ціснулі. У такім разе ён можа не быць падвергнуты крымінальнаму пакаранню ў сувязі з раскаяннем, у сувязі з актыўнай дапамогай следству ў справе расследавання дадзенага злачынства.

--Ці могуць яго ў якасці пакарання звольніць з пасады, якую ён займае?

--Калі чалавек раскрывае такога роду таямніцу, хоць гэтая таямніца даўно не з'яўляецца сакрэтам для грамадскасці, то гэта дыскрэдытуе ўладу, і яна можа проста расправіцца з такім чалавекам.

--Калі вышэйшая службовая асоба краіны афіцыйна прызнала, што па яго загаду вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя, ці можна сур'езна ўспрымаць адмаўленне дадзенага факту старшынёй Цэнтрвыбаркаму?

--Яна можа колькі заўгодна адмаўляць, але рэч у тым, што ні Цэнтральная камісія, ні органы дзяржаўнай улады, ні тыя, каго абралі – ніхто дакладна не ведае вынікаў выбараў. Таму, што яны фальсіфікуюцца з самага ніжняга ўзроўня. Пачынаючы з участковых камісій і сканчваючы акруговымі і рэспубліканскімі. Тое, што фальсіфікацыя мае месца паўсюдна і на ўсіх выбарах – гэта факт. Прычым, фальсіфікатараў неаднаразова лавілі за руку. Але ў не прававой дзяржаве чакаць прававых рашэнняў ад органаў пракуратуры, судоў, той жа Цэнтральнай камісіі, проста не прыходзіцца. Яны ўсе пад прэзідэнтам і ніхто не паквапіцца ўчапіць яго, і не будзе ставіць пытанне пра яго адказнасць. Што тычыцца палітычнай праблемы – легітымнасці такіх выбараў – то, натуральна, можна казаць пра тое, што выбары сфальсіфікаваныя, а абраная такім чынам службовая асоба з'яўляецца нелегітымнай.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках