28 снежня 2024, Субота, 3:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады разгрузяць склады на «Дажынках-2009»

6

Адміністрацыя Лукашэнкі рыхтуецца ўнесці сваю практычную лепту ў нацыянальную кампанію па разгрузцы складоў.

Па інфармацыі «Ежедневника», зараз там абмяркоўваецца магчымасць правядзення адзінай «разгрузнай акцыі», якая будзе прымеркаваная да «Дажынак-2009».

Як вядома, «Дажынкі-2009» адбудуцца ў Кобрыне. Адпаведным распараджэннем прэзідэнта зацверджаныя і тэрміны правядзення мерапрыемства – другая дэкада верасня. Да гэтага часу ініцыятары «разгрузнай акцыі» спадзяюцца атрымаць ухвалу сваёй ідэі.

Чакаецца падвойны эфект. Эканамічны – гэта калі хлебаробам уручаць набытыя за дзяржкошт (але па сабекошце ці ніжэй за яго) тэлевізары, матацыклы і маразільнікі, якімі зараз заваленыя склады. Ідэалагічны – гэта калі ўсім будзе прадэманстраваны малюнак, што нават у цяжкія крызісныя часы дзяржава думае пра звычайнага працаўніка і шчодра (і нават больш, чым звычайна) адорвае яго бонусамі.

Сама ідэя, калі дзяржава павінна ўзяцца за разгрузку складоў, выкарыстоўваючы сістэму дзяржзамоў, адначасовых закупаў з бюджэту для наступнага пераразмеркавання паміж галінамі і прадпрыемствамі, якія маюць у гэтым патрэбу, увогуле не новая.

Яшчэ ў лютым бягучага года нешта падобнае было прапанавана аналітычнай групай Нацыянальнай акадэміі навук на чале з Міхаілам Мясніковічам. Так, адным з пунктаў антыкрызіснай праграмы навуковай супольнасці з'яўлялася перадача на ўмовах лізінгу гарадской гаспадарцы, будаўнічым і транспартным арганізацыям тэхнікі Менскага аўтамабільнага заводу і іншых аўтамабілебудаўнічых прадпрыемстваў, якая не прадаецца.

Зусім нядаўна падобную схему з актыўным фінансавым удзелам дзяржавы прапанаваў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Яго ідэя тычылася тэхнікі іншай праблемнай буйной вытворчасці – Менскага трактарнага заводу. Прапаноўвалася за рахунак дзяржавы выкупіць змешчаныя на складах некалькі тысяч «экспартных» трактароў і перадаць іх да ўборачнай айчынным гаспадаркам.

Дысконты на ляжалую прадукцыю – таксама не ўласная выдумка Адміністрацыі прэзідэнта. Магчымасць гэтай схемы з красавіка бягучага года абмяркоўваецца ў межах міжведамаснай працоўнай групы, якая спрабуе збалансаваць беларускую эканоміку.

Вядома, у адміністрацыі Лукашэнкі разумеюць, што адны хлебаробы-пераможцы не здольныя вызваліць склады. Таму прапануецца зрабіць такую кампанію перманентнай – актыўна прасоўваць прадукцыю з дысконтамі на ўсіх восеньскіх кірмашах, якія вызначаныя ў бягучым годзе ў Беларусі.

Адзіная ўмова, якая, паводле «Ежедневника», зараз таксама разглядаецца ў межах абмеркавання гэтай ініцыятывы: у аднаразовыя акцыі па закупу дзяржавай беларускіх «неліквідаў» уключаць толькі дзяржаўныя прадпрыемствы.

На падставе дадзеных Белстата па складскіх запасах на 1 жніўня 2009 года можна скласці пералік з 20 спажывецкіх тавараў, найбольш «падыходзячых» для «разгрузнай акцыі».

Топ-20 выглядае наступным чынам: бытавыя гадзіннікі, тэлевізары, цукар-пясок, крупы, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, кансервы, керамічная плітка для ўнутранай абліцоўкі сцен, каньяк, халадзільнікі і маразільнікі, пральныя машыны, абутак, электрапліты, віно вінаграднае, трыкатажныя вырабы, цюле-гардзінныя вырабы, лекавыя сродкі для лячэння скурных захворванняў, мэбля, керамічная плітка для падлогі, шпалеры, папяросы і цыгарэты.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках