24 снежня 2024, aўторак, 6:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лайма Андрыкене: «Супрацоўніцтва з Беларуссю не можа адбывацца любой цаной»

4

Дэпутат Еўрапарламента ад Літвы, чалец фракцыі Еўрапейскай народнай партыі Лайма Андрыкене пракаментавала будучы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Літоўскую Рэспубліку.

«Відавочна, што неабходна супрацоўнічаць з Беларуссю ва ўсіх сферах і на ўсіх магчымах узроўнях, то бок не толькі з прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, але таксама і з афіцыйным Менскам. Аднак такое супрацоўніцтва не можа адбывацца «любой цаной», - заявіла дэпутат у інтэрв’ю сайту ucpb.org.

16 верасня Аляксандр Лукашэнка наведае Літву, дзе возьме ўдзел у літоўска-беларускім эканамічным форуме, і сустрэнецца з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ. Гэта першы візіт кіраўніка Беларусі ў Літву за апошнія 11 гадоў, і толькі другі візіт Лукашэнка ў краіну ЕЗ пасля адмены санкцый супраць 36 беларускіх чыноўнікаў, што былі ўведзеныя 30 сакавіка 2006 года.

«Я ўпэўнена, што падчас візіту Лукашэнку неабходна вылучыць і абмеркаваць тры асноўныя пытанні – адзначыла Лайма Андрыкене. – Па-першае, супрацоўніцтва ў галіне бізнэсу, гандлю і энергетыкі з’яўляецца выгодным для абедзвюх краін. Такое супрацоўніцтва магло б быць яшчэ больш плённым, калі паскорыць эканамічныя рэформы і прадставіць больш камфортныя ўмовы для бізнэсу ў Беларусі. Менск павінен распачаць больш рашучыя крокі ў накірунку эканамічнай лібералізацыі. Працэс прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў мусіць ажыцяўляцца ва ўмовах празрыстасці і ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і стандартамі.

Па-другое, у канцы 2010 года ў Беларусі адбудуцца прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Літва і ЕЗ мусяць пераканацца, што гэтыя выбары пройдуць у адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі. Толькі свабодныя і справядлівыя выбары могуць паспрыяць больш эфектыўнаму і шырокаму супрацоўніцтву паміж Еўрапейскім Звязам і Беларуссю. Важна памятаць, што, нягледзячы на пэўны прагрэс апошніх «парламенцкіх выбараў», у беларускім «парламенце» дагэтуль няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі», -- адзначыла Андрыкене.

Дэпутат падкрэсліла, што літоўскім лідэрам варта нагадаць сваім беларускім калегам пра зніклых у Беларусі Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зміцера Завадскага, Юрыя Захаранку.

«16 верасня гэтага года споўніцца роўна 10 гадоў як зніклі без весткі Віктар Ганчар – былы віцэ-прэм’ер, віцэ-спікер парламента і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі, і бізнэсмэн Анатоль Красоўскі. Абставіны іх знікнення дагэтуль не раскрытыя. Іх лёс, а таксама лёс былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і аператара Зміцера Завадскага не вядомы, а вінаватыя так і не былі пакараныя», -- сказала Андрыкене.

Дэпутат Еўрапарламента адзначыла, што Літва мусіць сёння зрабіць усё магчымае, каб пераканаць сваіх партнёраў па ЕЗ пераглядзець кошт шэнгенскіх візаў для беларускіх грамадзян.

«Літва і Беларусь з’яўляюцца суседзямі. Нас звязваюць гістарычныя, культурныя, эканамічныя і не ў апошнюю чаргу – сямейныя сувязі. Адным з асноўных прыярытэтаў мусіць стаць скарачэнне кошту шэнгенскай візы для грамадзян Беларусі. Кошт 60 еўра з’яўляецца занадта высокім для большасці беларусаў. У той жа час, кошт для грамадзянаў Расеі ў два разы меншы. Вось чаму Літва мусіць зрабіць усё магчымае, каб пераканаць партнёраў па ЕЗ пераглядзець кошт візаў для беларусаў», -- лічыць Андрыкене.

«З іншага боку, кажучы пра палітычныя аспекты, мы па-ранейшаму мусім прытрымлівацца прынцыповай пазіцыі. На сённяшні дзень, было б заўчасна і памылкова казаць пра тое, што Беларусь з’яўляецца поўнапраўным партнёрам ЕЗ», -- падсумавала еўрадэпутат.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках